Старшыня АГП Мікалай Казлоў застаецца за кратамі



Больш 10 сябраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі прыйшлі ўвечары 6-га красавіка да Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў у Менску, каб сустрэць кіраўніка партыі Мікалая Казлова, які адбыў 15 сутак адміністратыўнага арышту. Але дзяжурны гэтай установы паведаміў аднаму з тых, хто сустракаў, былому кіраўніку АГП, а зараз дырэктару цэнтру „Еўрапейскі дяылог” Анатолю Лябедзьку, што Мікалай Казлоў вызвалены не будзе.

Мікалай Казлоў

„Быў нейкі спадзеў, што яго выпусцяць, але гэтага не здарылася”, – кажа Анатоль Лябедьзка:

– На ім вісіць яшчэ адзін дакладна, а магчыма і тры пратаколы аб адміністрацыйных парушэннях. Гэта за тое, што ён адмовіўся даваць падпіску аб неразгалошванні зместу сваёй размовы са следчымі. Размовы нават не было таму, што ён у адпаведнасці з артыкулам Канстытуцыі адмовіўся даваць нейкія паказанні і тлумачэнні. Мне падаецца, што сістэма проста хоча расправіцца з Казловым. Высокае міліцэйскае начальства і з іншых сілавых структур лічыць, што ён здраднік. Я думаю, што звычайныя супрацоўнікі, калі не лічыць яго героем, то лічаць чалавекам мужным.

Трэба нагадаць, што Мікалай Казлоў у мінулым – падпалкоўнік крымінальнага вышуку міліцыі. І магчыма таму да яго ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў асаблівае стаўленне.

„У камеры ствараюць умовы, якія можна ставіць у адзін шэраг з катаваннямі. І гэта адбіваецца на здароў’і Мікалая Казлова”, – кажа Анатоль Лябедзька.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск