Старшыня „Прававой ініцыятывы” сустрэлася з начальнікам ГУУС Менгарвыканкама



Нядопуск адваката да апазіцыйных актывістаў Пятра Маркелава і Станіслава Шашка абмеркавала старшыня грамадскага аб’яднання „Прававая ініцыятыва” Вікторыя Фёдарава 9 студзеня на сустрэчы з начальнікам ГУУС Мінгарвыканкама Іванам Кубраковым.

Яна адзначыла, што да Маркелава адвакат не магла трапіць чатыры дні, да Шашка — пяць. Прычынай нядопуску супрацоўнікі Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў называлі занятасць пакояў для спатканняў з адвакатамі. На гэта былі пададзеныя скаргі ў пракуратуру Мінска і аддзел Следчага камітэта па Маскоўскім раёне сталіцы.

„Кубракоў сказаў, што наша права было рэалізаванае, — паведаміла БелаПАН Фёдарава. — Але чатыры-пяць дзён чакання — гэта несур’ёзна. Нам прапанавалі напісаць заяву на асабістым прыёме з просьбай патлумачыць, чаму не дапускалі адваката, і затым азнаёміць з вынікамі праверкі. Гэта фармалізм, ніхто не хоча з гэтымі праблемамі разбірацца”. Кіраўнік „Прававой ініцыятывы” паведаміла, што Маркелаў, які прысутнічаў на сустрэчы, адпаведную заяву напісаў.

Фёдарава адзначыла, што нядопуск адвакатаў да асоб, якія адбываюць адміністрацыйны арышт, — сістэмная праблема. Пасля таго як будзе атрыманы адказ на заяву Маркелава, яна будзе дамагацца прыёму ў міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева. Аналагічныя звароты будзе падаваць і Станіслаў Шашок.

„Праверка доўжыцца 15 дзён, але яе могуць працягнуць да месяца. Прыём у Караева праходзіць у першую сераду кожнага месяца, і не факт, што паспеем у лютым. Але ў сакавіку дакладна пойдзем”, — сказала юрыст.

Фёдарава таксама паведаміла, што Маркелаў мае намер звяртацца ў суд з нагоды парушэння яго права на абарону.

Актывіст ініцыятывы Legalize Belarus Станіслаў Шашок адбывае з 26 снежня 15-сутачны арышт за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй. З 30 снежня да 3 студзеня адвакаты, з якімі былі заключаныя дамовы на наведванне Шашка, да падабароннага не дапускаліся. Прычынай нядопуску супрацоўнікі ЦІП называлі занятасць пакояў для спатканняў з адвакатамі. Аналагічная сітуацыя адбылася з актывістам Legalize Belarus Пятром Маркелавым, які адбываў адміністрацыйны арышт за ўдзел у іншай акцыі супраць інтэграцыі з РФ.

У сувязі з гэтым 3 студзеня „Прававая ініцыятыва” звярнулася з адкрытым лістом да міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева і старшага памочніка пракурора Мінска Мікалая Герашчанкі.

belapan.by

Фота spring96.org