Старшыня Віцебскага гарвыканкама падаў у адстаўку



Старшыня Віцебскага гарвыканкама Вадзім Заранкін падаў у адстаўку. Афіцыйна гэта яго ўласнае жаданне, а з пасады ён сыходзіць у сувязі з пераходам на іншую працу.

Пра гэта са спасылкай на кіраўніка справамі Віцебскага гарвыканкама Віталя Рудзеню піша TUT.by.

Заранкіну 57 гадоў. Кіраўніком Віцебска стаў 30 студзеня мінулага года і на гэтай пасадзе прабыў роўна год. Гэта быў няроўны перыяд у гісторыі горада: на яго прыйшлася ўспышка каронавіруснай інфекцыі і пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў. Дваіх сыноў Вадзіма Заранкіна затрымлівалі падчас масавых вулічных пратэстаў. Абодва былі пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі. Малодшы — Філіп — адседзеў 13 сутак у ізалятары, старэйшага — Вадзіміра — пакаралі 10-цю суткамі і могуць забраць у любы момант.