Старшыню беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі зноў выклікаюць у міліцыю



Старшыню беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Барысава, які нядаўна адбыў 15 сутак адміністрацыйнага арышту, зноў выклікаюць у міліцыю. Гэтым разам выклік звязаны з тым, што 23 сакавіка супрацоўнікі міліцыі і МЧС узламалі ў Магілёве офіс абласной арганізацыі партыі. І фактычна зрабілі пагром, забралі афіцыйна зарэгістраваную сімволіку, сцягі партыі.

Чаму гэта здарылася, Барысаў не ведае, але мяркуе, што ўвагу міліцыі магла прыцягнуць менавіта партыйная сімволіка

– Літаральна не паспеў я выйсці пасля адміністрацыйнага арышту, як мне патэлефанаваў участковы, які сказаў, што „трэба сустрэцца, ёсць пытанні, бо калегі з горада Магілёва з Ленінскага РАУСа папрасілі мяне апытаць у сувязі з гэтым”. Ён мне выпісаў позву з’явіцца ў Магілёў на 20 красавіка а 10.00. Будуць дапытваць па адміністрацыйнай справе аб несанкцыянаваным  масавым мерапрыемстве.

Статус мой незразумелы, ці то сведка, ці то падазраваны.  Як старшыня партыі я заключаў дамову арэнды з арэндадаўцам на размяшчэнне пяці юрыдычных адрасаў нашых мясцовых партыйных аргнаізацыяў у гэтым офісе, – удакладніў Ігар Барысаў. Па яго словах, цяжка ўявіць, што ў міліцыі ў чарговы раз прыдумаюць. Але ён не выключае, што зноўку будзе арыштаваны і ў чарговы раз кінуты на суткі ні за што.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]