Старшыню Менскага раённага суда судзяць за злоўжыванне ўладай



У Вярхоўным судзе Беларусі 2 сакавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да былога старшыні і суддзі Менскага раённага суда Аляксандра Хаванскага.

У электронным раскладзе судовых пасяджэнняў на інтэрнэт-партале судоў агульнай юрысдыкцыі адзначана, што Хаванскага абвінавачваюць па ч. 4 арт. 210 Крымінальнага кодэкса (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, у складзе арганізаванай групы або ў асабліва буйным памеры) і ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненае службовай асобай, якая займае адказную пасаду).

Па першым артыкуле абвінавачання прадугледжаная санкцыя ў выглядзе пазбаўлення волі ад 5 да 12 гадоў са штрафам і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады, па другім — ад 3 да 10 гадоў са штрафам або без яго і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

1 жніўня 2016 года Аляксандр Лукашэнка сваім указам № 297 вызваліў Аляксандра Хаванскага ад пасады старшыні і суддзі суда Менскага раёна „ў сувязі з учыненнем правіннасці, несумяшчальнай са знаходжаннем на дзяржаўнай службе”.

На прэс-канферэнцыі 15 лютага 2017 года старшыня Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч паведаміў, што ў дзеяннях Хаванскага „карупцыі праваахоўныя органы не знайшлі, але парушэнні фінансавай дысцыпліны зафіксавалі”. „Гэта і стала падставай для вызвалення ад пасады па дыскрэдытуючых абставінах”, — заяўляў ён.

На сустрэчы з журналістамі 12 лютага 2020 года Калінковіч на пытанне, па якім артыкуле абвінавачваецца Хаванскі, адказаў: „За крадзеж дзяржуласнасці”.

belapan.by