Статкевіч заклікаў працягнуць пратэсты (абноўлена)



Адзін з лідараў беларускай апазіцыі заклікаў працягнуць пратэсты ў Менску 1 траўня і 9 траўня.

„1 траўня збярэмся на маёўку, напрыклад, на Кастрычніцкай плошчы. А 9 траўня пройдзем разам з ветэранамі, ускладзем кветкі, са спадзяваннем, што Беларусь зноў будзе вызваленая”.

Пасля вызвалення ў сябе дома Мікалай Статкевіч пагутарыў з журналістамі і распавёў пра тое, як да яго ставіліся ў ізалятары:

– Яны спрабавалі крычаць на мяне. Увесь час было ўключана святло. Але я ўжо да такіх рэчаў прызвычаены. Безумоўна, была поўная ізаляцыя. Толькі ў суботу, пасля абеду, крыху змяніліся паводзіны новай змены, якая заступіла: яны адчувалі сябе вінаватымі.

Падзеі 25 – 26 сакавіка, калі людзі выйшлі на дэманстрацыі ў Менску, нават пазбаўленыя сваіх лідэраў, паказалі, што народ робіцца  паўнавартаснай нармальнай палітычнай еўрапейскай нацыяй, — сказаў Мікола Статкевіч.

Па словах палітыка, людзі будуць выходзіць ужо і самі, бо час наспеў. Мікола Статкевіч падзякаваў усім, хто прыйшоў у Дзень Волі на дэманстрацыю і потым, на наступны дзень, на акцыю салідарнасці са зняволенымі

— Вялікі дзякуй, вы сапраўды паказалі, нягледзячы на шквал нянавісці з экранаў тэлевізараў, на запалохванні,, нават на тое, што вас пакінулі без лідараў і нават дыскрэдытавалі, калі, як мне казалі, ад майго імя распаўсюджвалі інфармацыю, каб людзі не выходзілі, — усё ж такі вы паказалі, што вы асобы, што вы не за пастухом, за нейкім там лідарам, што вы выходзіце на плошчу, бо вас вядзе ваш уласны гонар і годнасць, што яны ў вас ёсць.

Мікалай Статкевіч папрасіў прабачэння, што не здолеў быць на Дні Волі разам з людзьмі, бо быў прэвентыўна затрыманы. «Але паверце, што я рабіў усё магчымае, каб быць у гэты дзень на плошчы,» — сказаў ён. Палітык таксама выказаў занепакоенасць лёсам сваіх паплечнікаў, якія дапамагалі яму патрапіць на Дзень Волі. Цяпер з імі няма сувязі, дзе яны, таксама невядома.

Поўную гутарку з Мікалаем Статкевічам слухайце ў далучаным гукавым файле:

Раніцай 27 сакавіка дадому прывезлі Мікалая Статкевіча. Некалькі дзён яго трымалі ў КДБ, паведаміла жонка апазіцыйнага палітыка Марына Адамовіч.

„Увесь гэты час, усе гэтыя тры дні, ён знаходзіўся ў КДБ. Ён худы, аброслы, не ведаю, ці збіты ён. Яшчэ не паспела з ім толкам пагаварыць”, — сказала Адамовіч.

Паводле яе слоў, у іх доме па-ранейшаму няма ніякай тэлефоннай сувязі.

Пра месцазнаходжанне Мікалая Статкевіча не было нічога вядома з сярэдзіны мінулага тыдня. Статкевіч не ўдзельнічаў у мітынгах і маршах апазіцыі, якія адбыліся ў краіне 25 сакавіка, у 99-ю гадавіну абвяшчэння БНР.

Афіцыйныя прадстаўнікі МУС і КДБ заяўлялі БелаПАН, што асабіста ім нічога не вядома пра лёс апазіцыйнага палітыка.

Жонка Статкевіча Марына Адамовіч мела намер падаць у праваахоўныя органы заяву пра яго знікненне. Паводле яе слоў, яна аб’ездзіла ўсе месцы, дзе ён мог бы знаходзіцца, у тым ліку следчы ізалятар № 1 МУС, Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна і следчы ізалятар КДБ. Менавіта ў СІЗА КДБ ёй „даведак не далі”. Яна выказала здагадку, што Статкевіча могуць трымаць там.

Напярэдадні акцыі 25 сакавіка скрыня электроннай пошты і акаўнт у „Фэйсбуку” палітыка і яго жонкі былі ўзламаныя, паролі змененыя. Увечары 24 сакавіка ад імя Адамовіч з’явілася лжывае паведамленне, што Статкевіч адмаўляецца ад правядзення вулічнай акцыі з нагоды Дня Волі. Адамовіч палічыла, што гэтыя паведамленні з’явіліся ўжо пасля затрымання яе мужа, каб ён „не мог сам іх абвергнуць”.