Стэфановіч: Мандат спецдакладчыка па Беларусі мусіць быць працягнуты



Мандат спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі прадоўжаны яшчэ на адзін год. Адпаведная рэзалюцыя была прынятая на 38-й сесіі Рады ААН па правах чалавека ў Жэневе.

Намеснік старшыні праваабарончага цэнтра „Вясна” Валянцін Стэфановіч лічыць  неабходным працяг мандата спецдакладчыка.

– Мандат мусіць быць працягнуты. У свой час ён уводзіўся ў тым ліку да таго моманту, калі ў Беларусі будуць якасныя сістэмныя змены ў галіне правой чалавека. Я абсалютна згодны з тымі высновамі, якія зрабіў у сваім апошнім дакладзе спецдакладчык па Беларусі спадар Харашці, пра тое, што сістэмных крокаў па змяненні сітуацыі ў краіне, на жаль, за апошнія гады мы не ўбачылі. Павінна адбывацца рэфармаванне законаў, якія регулююць рэалізацыю грамадзянскіх, палітычных правоў ды й сацыяльна-эканамічных таксама.

«Рада ААН па правах чалавека настойліва заклікае ўрад Беларусі ў поўнай меры супрацоўнічаць са спецдакладчыкам, у тым ліку шляхам прадастаўлення яму доступу для наведвання краіны ў яго афіцыйным якасці», — гаворыцца ў рэзалюцыі. Дагэтуль беларускія ўлады не прызнаюць мандат спецдакладчыка, таму Міклаш Харашці, які заканчвае сваю працу ў кастрычніку, так і не наведаў Беларусь. Новы спецдакладчык павінен падрыхтаваць даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і ўпершыню прадставіць яго на 41-й сесіі Рады ААН па правах чалавека ў  наступным годзе.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя