Суд аштрафаваў Кансерватыўна-хрысціянскую партыю – БНФ



Суд Маскоўскага раёна аштрафаваў Кансерватыўна-хрысціянскую партыю – БНФ на 50 базавых велічынь (1.350 рублёў) за неаплату паслуг міліцыі падчас акцый, прысвечаных дню памяці продкаў Дзяды. Рашэнне па справе вынесла суддзя Таццяна Мотыль.

КХП-БНФ абвінавацілі ў парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў (ч. 2 арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях).

Партыя выступіла арганізатарам шэсцяў і мітынгаў ва ўрочышча Курапаты 3 лістапада і ў Лошыцкім Яры 10 лістапада, прысвечаных дню памяці продкаў Дзяды. Абедзве акцыі былі дазволеныя Менгарвыканкамам, але кіраўніцтва партыі не стала заключаць дамову з праваахоўнікамі і не аплаціла паслугі міліцыі па ахове правапарадку.

У пачатку пасяджэння намеснік старшыні партыі Юрась Беленькі падаў хадайніцтва аб правядзенні слуханняў на беларускай мове. Суддзя заявіла, што падчас слуханняў ён можа даваць тлумачэнні на беларускай мове.

Беленькі не адмаўляў, што партыя з’яўлялася арганізатарам гэтых мерапрыемстваў. Ён хадайнічаў аб спыненні адміністрацыйнага працэсу, паколькі, на яго думку, гэта сітуацыя рэгулюецца Грамадзянскім кодэксам і ў дзеяннях партыі няма складу адміністрацыйнага правапарушэння.

Таксама ён патлумачыў, чаму дамова аб аказанні паслуг міліцыі не заключалася: «Нам не патрэбна была гэта паслуга, таму мы яе не бралі. У заяве ў Менгарвыканкам мы пісалі, што самі забяспечым бяспеку».

У каментары БелаПАН Беленькі заявіў, што лічыць, што рашэнне суда супярэчыць заканадаўству, і мае намер яго абскардзіць.

9 снежня суд Менскага раёна аштрафаваў Беленькага за шэсце ў Курапаты, якое прайшло 3 лістапада, на 30 базавых велічынь. На шэсце быў атрыманы дазвол Менаблвыканкама, але партыя таксама не стала заключаць дамову і аплачваць паслугі міліцыі.

БелаПАН

[manual_related_posts]