Суд не задаволіў скаргу прадстаўніка аргкамітэта партыі „БХД”



Суд Маскоўскага раёна Менска адмовіў у задавальненні скаргі адказнага сакратара аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Дзяніса Садоўскага на дзеянні Менгарвыканкама пры адказе на заяўку на правядзенне вулічнай акцыі 25 сакавіка. Рашэнне вынесла суддзя Алена Рудніцкая.

Прадстаўніком сталічных улад на судзе выступаў начальнік аддзела грамадска-масавай работы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Юрый Уральскі. Чыноўнік заявіў, што наогул не бачыць прадмета для іску з боку Садоўскага. Уральскі заявіў, што дата адказу на заяўку „на сутнасць прынятага Мінгарвыканкамам рашэння не паўплывала”. Пры гэтым ён адмовіўся адказаць на прамое пытанне Садоўскага, калі заканчваўся тэрмін адказу на заяўку.

На пытанне суддзі, ці не быў адказ дадзены да 20 сакавіка, Уральскі сказаў: „Магчыма”.

Ён заявіў, што не гатовы сказаць, чаму заяўнікі не атрымалі адказ з Мінгарвыканкама да 20 сакавіка, за пяць дзён да акцыі, як прадугледжвае заканадаўства. Паводле слоў чыноўніка, у яго не было магчымасці ўзгадніць новы маршрут акцыі. Пры гэтым Уральскі лічыць, што ў яго было права як узгадніць маршрут акцыі з заяўнікам, так і прымаць рашэнне без яго.

Суддзя абвясціла толькі выніковую частку рашэння. Пры гэтым, паводле слоў Садоўскага, Рудніцкая яму дадаткова паведаміла, што Менгарвыканкам прымаў рашэнне ў адпаведнасці са сваёй кампетэнцыяй.

Садоўскі атрымае матывавальную частку рашэння суда на працягу 10 дзён, пасля чаго мае намер абскардзіць вердыкт у Мінскім гарадскім судзе. На думку істца, сталічныя ўлады „свядома скажаюць заканадаўства аб мірных сходах”.

Гарвыканкам адмовіў у правядзенні 25 сакавіка шэсця з нагоды Дня Волі па заяўленым аргкамітэтам маршруце ад Акадэміі навук да парку Янкі Купалы, прапанаваўшы арганізатарам правесці мітынг у парку Дружбы Народаў. Адказ Менгарвыканкама быў дадзены заяўнікам менш чым за дзень да прызначанай акцыі. У сувязі з гэтым арганізатары сваю заяўку адклікалі. Як адзначалася ў скарзе Садоўскага, улады парушылі тэрмін прыняцця рашэнняў аб правядзенні масавага мерапрыемства, прадугледжаны артыкулам 6 закона „Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”. Акрамя таго, рашэнне гарвыканкама аб пераносе месца правядзення акцыі ў парк Дружбы Народаў не было ўзгоднена з заяўнікам.

Садоўскі прасіў суд прызнаць незаконным рашэнне Менгарвыканкама ад 24 сакавіка аб правядзенні масавага мерапрыемства, а таксама „незаконным бяздзейнасць Мінгарвыканкама, якая выказалася ў несвоечасовым прыняцці рашэння па заяве ад 8 лютага аб правядзенні масавага мерапрыемства 25 сакавіка”.

25 сакавіка, у Дзень Волі, які штогод адзначае беларуская апазіцыя, толькі ў Менску было затрымана каля 700 чалавек.

belapan.by