Суд па справе аб ліквідацыі ГА БНФ “Адраджэньне” працягнецца 10 лістапада



Вярхоўны суд аднавіў разгляд справы па іску Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне”. Судовае пасяджэнне прызначанае на 10 лістапада, на 10 гадзін. Справу працягне разглядаць суддзя Вярхоўнага суда Рыма Філіпчык.

Нагадаем, што справа аб ліківдацыі Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне” была ініцыяваная Міністэрствам юстыцыі напрыканцы ліпеня. Падставай для ліквідацыі аднаго са старэйшых грамадскіх аб’яднанняў краіны чыноўнікі палічылі непрадстаўленне дакументаў, якія мінюст запатрабаваў ад арганізацыі. Пры гэтым офіс арганізацыі ў Менску застаецца апячатаны яшчэ ад 14 ліпеня, калі па краіне пракацілася хваля ператрусаў і нападаў на грамадскія стркутуры. Падчас ператусу ў сядзібе БНФ на вуліцы Чарнышэўскага ў адсутнасці прадстаўнікоў арганізацыі супрацоўнікамі следчага камітэту былі внятыя бухгалтарскія і іншыя дакументы ГА БНФ “Адраджэньне”, а сам офіс быў апячатаны і доступ у яго забаронены.

На звароты аб’яднання аб неабходнасці разблакаваць доступ у памяшканне арганізацыі дзеля таго каб выканаць патрабаванні Міністэрства юстыцыі следчыя структуры адказваюць адмоўна.

Раней разгляд справы аб ліквідацыі ГА БНФ “Адраджэньне” быў прыпынены на той падставе, што арганізацыя абскардзіла ў Вярхоўным судзе пісьмовыя папярэджанні, якія былі вынесеныя Міністэрствам юстыцыі ў дзень масавых ператрусаў ў няўрадавых арганізацыях 14 ліпеня. Аднак, паколькі па выніках кастрычніцкага разгляду гэтых скаргаў суд пастанавіў пакінуць пісьмовыя папярэджанні ў сіле, цяпер справа аб ліквідацыі ГА БНФ “Адраджэньне” была адноўленая.

Справу каментуе намеснік старшыні Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне” Вадзім Саранчукоў:

– Мы скарысталі працэсульныя магчымасці каб прыпыніць працэс ліквідацыі, зацягнуўшы справу на месяц. Аднак магчымасці прававым чынам прадухіліць вынік ліквідацыйнага працэсу мы не бачым. У краіне сотні няўрадавых арганізацый былі ўжо ліквідаваныя ў прымусовым парадку, у тым ліку найбольш аўтарытэтныя і настарэйшыя грамадскія аб’яднанні – Саюз пісьменнікаў, ПЭН-цэнтр, БАЖ, Беларускі Хельсінкскі Камітэт, а на гэтым тыдні – яшчэ і Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны. Гэта сапраўдны пагром беларускай грамадзянскай супольнасці, вынішчэньне інстытуцыйных структур беларускага грамадска-палітычнага жыцця.

Ва ўмовах, калі ўлады не хаваюць палітычнага характару прынятага рашэння аб “зачыстке” беларускай грамадзянскай супольнасьці, судовы разбор мае сэнс выключна як фармальная працэдура, вынік якой прадвызначаны.

Падкрэслю, што на дадзеным этапе пад ліквідацыю падпала грамадская структура БНФ, менавіта грамадскае аб’яднанне – Партыя БНФ захоўвае легальны статус як зарэгістраваная палітычная партыя, супраць яе пазоў аб ліквідацыі не быў прад’яўлены. Зрэшты, не выключаю, што гэта толькі пытанне часу і справа можа дайсці і да вынішчэння партыйных структур. Тут пытаннне толькі ў тым, на каго будзе звернуты новы этап ліквідацыі, да каго дойдзе чарга пасля фондаў і грамадскіх аб’яднанняў: наступнымі могуць быць палітычныя партыі, але могуць быць і прафсаюзы, і рэлігійныя арганізацыі.

Пачынаючы з ліпеня ў Беларусі адбываецца маштабная кампанія па судовай і пазасудовай ліквідацыі арганізацыяў грамадзянскай супольнасці – пад прымусовае закрыццё на дадзены момант патрапілі каля 300 грамадскіх аб’яднанняў, фондаў, установаў і асацыяцыяў (неафіцыйны спіс).

***

Грамадскае аб’яднанне БНФ “Адраджэньне” – адно з найстарэйшых грамадска-палітычных аб’яднанняў Беларусі. Заснаваная ў 1988 годзе на пасяджэнні Аргкамітэту БНФ у Менску арганізацыя была зарэгістраваная як агульнанацыянальнае грамадскае аб’яднанне ў 1991 годзе, да 1999 году мела назву Белорусский Народный Фронт “Адраджэньне” (назва была змененая, калі было забаронена ўжываць у назвах грамадскіх аб’яднанняў тэрмін “народны”). Аб’яднанне структурна-юрыдычна адасобленае ад Партыі БНФ, хоць склад кіраўніцтва палітычнай партыі і руху з’яўляецца ідэнтычным – абедзьве арганізацыі ўзначальвае старшыня Рыгор Кастусёў, які цяпер знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ, супадае і склад Сойму як кіруючага органу.

Паводле статуту, Грамадскае аб’яднанне БНФ “Адраджэньне” – гэта дабраахвотнае аб’яднанне грамадзян у рух за рэалізацыю грамадзянскіх, эканамічных, сацыяльных і культурных правоў. Мэтай руху ёсць пабудова дэмакратычнага грамадства і дэмакратычнай праўнай дзяржавы, адраджэнне беларускай нацыі на прынцыпах дэмакратыі і гуманізму, развіццё культуры карэннай нацыянальнасці ды ўсіх нацыянальных супольнасцяў на Беларусі.  Справаздача аб дзейнасці аб’яднання за 2020 год апублікаваная ў газеце “Наша Слова” № 4 ад 24 лютага 2021 года (спампаваць PDF). Паводле яе на ўліку БНФ “Адраджэньне” знаходзіцца 2059 сябраў, аб’яднанне мае 20 зарэгістраваных і пастаўленых на ўлік арганізацыйных структур, у тым ліку Менскую гарадскую арганізацыю і 4 абласныя арганізацыі, 10 раённых і 5 гарадскіх аддзяленняў.