Суд прыняў да абскарджання апеляцыю Уладзіміра Някляева



Менскі гарадскі суд прыняў да абскарджання пасля адведзеных для гэтага 10 дзён апеляцыю Уладзіміра Някляева на прысуд Ленінскага раённага суда, які пакараў яго 10-суткавым арыштам за, нібыта, заклікі ў падтрымку “Марша абураных беларусаў” 21 кастрычніка на тэлеканале “Белсат”. Маўляў, “калі ёсць воля бараніць свае правы, дык трэба выходзіць і бараніць.”

Дагэтуль заявы ў яго падтрымку прынялі Пэн-цэнтр, Беларуская асацыяцыя журналістаў, незалежныя юрысты. Але тое, што паэт і палітык пакуль  не за кратамі, многія звязваюць з маючай адбыцца вандроўкай Аляксандра Лукашэнкі на саміт “Усходняга партнёрстава” у Брусель.

Кажа Уладзімір Някляеў:

– Яшчэ не факт што ён паедзе, але незалежна ад таго, будзе ён у Бруселі ці не будзе, ствараць негатыўны фон перад гэтай сустрэчай, безумоўна, непажадана. І толькі па гэтай прычыне, як шмат хто кажа, я дасюль не за кратамі. Пабачым, што будзе. Зрэшты, не помню выпадка, каб вышэйшыя інстанцыі адмянялі тое, што пастаноўлена. Гэта ж не яны пастанаўляюць. Што да агульнай сітуацыі, то, на жаль, пачуццё салідарнасці ў асяродку дэмакратычнай апазіцыі блізкае да нуля.

Тым часам, дзіўным чынам адрэагавалі на адкрыты ліст Уладзіміра Някляева да рэдактара прэзідэнцкай “СБ сегодня” і старшыні Дзяржтэлерадыёкампаніі з прапановай выкласці сваю пазіцыю ў праграме “Клуб рэдактараў”. Пра яго прыгадаў тэлевізійны начальнік Генадзь Давыдзька. На што іншыя ўдзельнікі, бадай, разам усклікнулі “ня можа быць!” 

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск