Супраць Віталя Рымашэўскага абяцаюць ужыць «усе магчымыя санкцыі»



Сустаршыні «Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі» патэлефанавалі судовыя выканаўцы. Яны патрабуюць аплаціць штрафы, агульная сума якіх перавысіла дзве тысячы даляраў.

Каля 20-ці працэнтаў штрафаў палітыку ўдалося сплаціць, за што ён дзякуе “прыватным асобам, якія выказала жаданне дапамагчы”, а дзеянні ўладаў ён называе «палітычнай замовай» і «ціскам»:

— Сказалі, што адтэрміноўка для мяне не працуе, нягледзячы на тое, што часткова нейкія выплаты пайшлі, гэта ўсё адно не паўплывае на працэс таго, што будзе дасудовая вытворчасць па справе. Відавочна, што выканаўцы папросту выконваюць загад і на што не ўплываюць. Мяркую, што такая спешка — гэта рэакцыя на нашы выступы ў Берліне і ў Бруселі. 

 Аплаціць астатнія штрафы Віталь Рымашэўскі не мае магчымасці, але адзначае, што будзе “пазычаць і збіраць грошы”, каб хутчэй разлічыцца, бо гэта пытанне бяспекі            яго сям’і.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя