Супрацьстаянне, якое становіцца ўсё больш небяспечным



Заявы кіраўніка МЗС Беларусі Уладзіміра Макея аб скарачэнні колькасці супрацоўнікаў амбасадаў Рэспублікі Беларусь у краінах Еўразвязу і аб магчымасці размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі – гэта сведчанне супрацьстаяння, якое становіцца ўсё больш небяспечным.

Але мабыць, з пункту гледжання кіраўнікоў Беларусі, гэтыя крокі  лагічныя і абгрунтаваныя,  – кажа першы намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксей Сігаеў. Іншае пытанне, да чаго такі шлях прывядзе:

-Натуральна, калі супраць вас уводзяць санкцыі, калі зачыняюць межы, калі вашыя грузы непаўсюль прымаюцца. То цяпер гэта будуць  краіны “далёкай дугі”, гэта складана. Але гэта таксама прынясе нейкую карысць. У будучым, калі Беларусь усё ж такі стане нармальнай краінай, калі адкрыюцца для нас краіны Еўропы, то я вельмі веру, што мы зможам хутка аднавіць гандлёвыя стасункі з еўрапейскімі краінамі. Але пры гэтым у нас застануцца і моцныя стасункі з так званымі краінамі “далёкай дугі”.

РР: Але, напрыклад, Кітаю Беларусь больш цікавая тым, што гэта транзітная краіна, якая мяжуе з ЕЗ. А калі адносіны будуць сапсаваныя, то і “шаўковы шлях” можа быць перакінуты ў нейкую іншую краіну.

Аляксей Сігаеў: На мінулым тыдні ўжо з’явілася інфармацыя наконт гэтых “шаўковых шляхоў”, як яны могуць ісці. Існуюць варыянты ў абыход Беларусі. Таму тут няма чаму здзіўляцца, калі ў вас праблемы на мяжы, то чаму мы будзем вазіць праз вас? Так, паедуць праз Расею, праз Украіну, Казахстан міма Беларусі.

РР: Магчыма і Захад такім жа чынам адкажа – скароціць колькасць сваіх прадстаўнікоў у амбасадах?

Аляксей Сігаеў: Наколькі я разумею, паводле дыпламатычнага этыкету яны мусяць гэта зрабіць.

РР: Яшчэ адна скандальная заява Макея, пра магчымасць размяшчэння ў Беларусі ядзернай зброі. На што Крэмль адрэагаваў словамі прэс-сакратара Пуціна Пяскова, што магчымыя розныя варыянты.

Аляксей Сігаеў: Па-першае, не думаю, што тыя, хто кіруе з Крамля, рызыкнуць размяшчаць ядзерную зброю ў Беларусі. А па-другое, трэба разумець, што Лукашэнка як у 1994 годзе прыйшоў папулістам, так зараз свае папулісцкія ідэі працягвае выказваць. Таму станавіцца краінай, якая будзе першай мэтай для вайсковых авіяўдараў падчас узброенага канфлікту паміж Еўропай і Расеяй – гэта шлях да самагубства.

Яшчэ года – два таму такі сцэнар падаваўся неверагодным. Сёння ён ужо не выключаецца. А заўтра можа стаць рэальным. Таму з гэтага шляху трэба як мага хутчэй зварочваць, пакуль не позна. 

Цалкам размова ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя