Сустрэча прэзідэнтаў у Астане бліжэйшым часам не адбудзецца



Запланаваная на 15-га студзеня ў Астане сустрэча ў фармаце лідараў краін «нармандскай чацвёркі» па вырашэнні канфлікту на ўсходзе Украіны, праўдападобна, бліжэйшым часам не адбудзецца.

Пра гэта заявіў прэс-сакратар міністэрства замежных спраў Нямеччыны Марцін Шэфер. Паводле яго, улічваючы «нявырашаныя ключавыя праблемы», за час, які застаўся, «практычна немагчыма правесці грунтоўную падрыхтоўку» да сустрэчы. Акрамя таго, Шэфер адзначыў, што на сустрэчы міністраў у Берліне будзе ажыццёўлена яшчэ адна спроба дасягнуць згоды па пытаннях правядзення дэмаркацыйнай лініі паміж украінскай арміяй і сепаратыстамі на Данбасе, адводу цяжкага ўзбраення і захавання рэжыму перамір’я, паколькі ў выніку сутыкненняў працягваюць гінуць людзі.

Пытанне ўдзелу ў сустрэчы прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна яшчэ не вырашана, паколькі цяпер працягваецца падрыхтоўка на экспертным узроўні, заявіў прэс-сакратар расейскага кіраўніка Дзмітрый Пяскоў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ru.tsn.ua