Свята, якое не стала святам



“Другога красавіка падарыў нам свята Лука”. Такім загалоўкам артыкула ў 1998-м годзе адказала адна з моладзевых беларускіх газет на ўстанаўленне даты 2-га красавіка, як свята яднання народаў Беларусі і Расеі. На працягу ўжо 18-ці гадоў гэтая дата адзначаецца ў беларускім календары. “Гэтае свята вельмі насычанае палітыкай. Яно нясе антыеўрапейскі сэнс, сэнс еўразійскай прасторы,” – лічыць беларускі кінарэжысёр Сяргей Ісакаў.

– Гэтая палітыка сёння для мяне не з’яўляецца той, якая аб’ядноўвае рускі народ, рускую інтэлігенцыю, рускіх пісьменнікаў, паэтаў, рэжысёраў, маіх сяброў і сучаснікаў, з тым, як сёння гэта трактуюць беларуская і расейская улада ў афіцыйным друку. Гэта не аб’яднанне народаў – гэта палітычнае аб’яднанне аднаго дыктатара з другім.

“Нягледзячы на добрасуседскую палітыку Беларусі і Расеі, самі беларусы не спяшаюцца яднацца з суседкай з Усходу”, – кажа сацыёлаг і даследчык Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Вардамацкі:

– Апошнія дадзеныя такія, што адбылося паніжэнне арыентацыі на Расею. Але гэтая частка людзей, якая адыйшла ад прарасейскіх арыентацый, яна не прыйшла да еўрапейскай арыентацыі. Яны зыйшлі ў пазіцыю, якую мне цяжка акрэсліць.

На прамое пытанне: ці хочаце Вы быць часткай Расейскай Федэрацыі, прыкладна толькі 5 адсодкаў насельніцтва дэкляруе сваю згоду, – дадае даследчык.

Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя