Святлана Ціханоўская: Мы не збіраемся спыняцца



Як паведаміла адна з лідыруючых прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзідэнцкіх выбарах Святлана Ціханоўская, прэтэндэнты ў кандыдаты – апаненты Лукашэнкі, робяць усё магчымае, каб звярнуць увагу міжнароднай супольнасці на жорсткія рэпрэсіі ў Беларусі супраць палітычных апанентаў у перадвыбарчы час, кажа Святлана Ціханоўская:

– Актыўная праца вядзецца, каб нейкім чынам дапамагчы, прыцягнуць увагу да праблемы, што ў нас палітвязні сядзяць у СІЗА падчас выбарчай кампаніі. Мы не збіраемся спыняцца, мы прыцягваем усе магчымыя рэсурсы, каб іншыя краіны дапамаглі нам вызваліць людзей.

Ужо вядома, што 17 чэрвеня Камісія па замежных справах польскага Сейма прыняла заяву ў падтрымку палітвязняў і рэпрэсаваных у Беларусі.

Святлана Ціханоўская сама ездзіць па рэгіёнах, каб здаць падпісныя лісты. Гэта павінны былі рабіць зарэгістраваныя ў сваіх мясцовасцях каардынатары, але многія з іх арыштаваны. Часу засталося зусім няшмат, але яна са сваімі памочнікамі робяць усе намаганні, каб здаць патрэбныя 100 тысячаў і болей:

– Я спадзяюся, што мы паспеем здаць больш за 100 тысяч, бо некаторыя раёны на жаль не закрытыя, тут ужо як атрымаецца ў нас з нашым маршрутам, атрымаецца ўсе здаць ці не ўдасца. Больш за тое ў нас подпісы ляжаць у затрыманай машыне, якую нам дагэтуль не вярнулі. Пры затрыманні Сяргея ў іх машыне таксама знаходзіліся подпісы, якія таксама недзе ў машыне ляжаць і незразумела, дзе гэты аўтамабіль.

Абсалютная бальшыня выбаршчыкаў Беларусі, як паказалі чэргі да пікетаў па збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую, падтрымлівае яе і жадае бачыць кандыдатам у прэзідэнты. Але ўлада з першых крокаў Святланы Ціханоўскай стала прэсаваць яе ініцыятыўную групу і амаль палову кінула за краты, у тым ліку і яе мужа Сяргея Ціханоўскага – кіраўніка яе штаба.

Беларускае Радыё Рацыя