Святлана Ціханоўская правяла сустрэчы ў Еўрапарламенце і Еўракамісіі



Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская 15 снежня ў анлайн-рэжыме паразмаўляла з прэм’ер-міністрам Бельгіі Аляксандрам дэ Кро.

Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, дэ Кро сказаў, што Бельгія не прызнае Лукашэнку, падтрымлівае і будзе падтрымліваць дэмакратычную Беларусь, садзейнічаць увядзенню санкцый і аказваць дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці, каб як мага хутчэй спыніць гвалт і тэрор у Беларусі.

Ціханоўская падзякавала прэм’ер-міністру за тое, што Бельгія была сярод тых краін, якія ініцыявалі Маскоўскі механізм АБСЕ, і падтрымала санкцыі Еўрасаюза ў дачыненні да ўладаў Беларусі. Ціханоўская і дэ Кро таксама абмеркавалі магчымасці дапамогі рэпрэсаваным.

Прэм’ер-міністр Бельгіі цікавіўся, колькі беларусаў зараз знаходзіцца ў турмах, якія ўмовы ўтрымання зняволеных, пытаннем канстытуцыйнай рэформы, а таксама тым, што прымусіць Лукашэнку пайсці на дыялог ці саступкі, якія могуць быць далейшыя сцэнарыі, які план у беларускіх дэмакратычных сіл. Ціханоўская заявіла аб неабходнасці патрабаваць ад уладаў Беларусі спынення гвалту, вызвалення палітычных зняволеных і правядзення новых выбараў.

„Ні надвор’е, ні стомленасць не спыняць вулічныя акцыі, беларусы будуць мірна пратэставаць новымі спосабамі — у форме „партызаншчыны”. Еўрасаюз павінен падтрымаць беларускі народ і зрабіць усё магчымае, каб не дазволіць дыктатуры Лукашэнкі перамагчы ў Беларусі. Дапамогі Еўропы прашу не я, а ўвесь народ, мы разлічваем на вашу сілу. Мы чуем шмат абяцанняў, але таксама паралельна з імі хочацца бачыць канкрэтныя дзеянні”, — сказала палітык.

Паводле інфармацыі прэс-службы Ціханоўскай, у ходзе візіту ў Брусель яна правяла сустрэчы ў Еўрапейскім парламенце і Еўрапейскай камісіі на тэму падтрымкі Беларусі. Галоўная мэта — спыненне гвалту ў Беларусі.

Ціханоўская правяла сустрэчу з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскай камісіі Верай Юравай, гаворка ішла пра сітуацыю на месцах, а таксама падтрымцы сем’ям рэпрэсаваных і тых актывістаў, якія трапляюць пад арышты, крымінальны пераслед у Беларусі.

Экс-кандыдат у прэзідэнты прыняла ўдзел у публічнай дыскусіі з удзелам віцэ-прэзідэнта Еўрапейскага парламента Хэйдзі Хаўталы і спецыяльнага дакладчыка па Беларусі Камітэта замежных спраў Пятраса Аўштравічуса, дзе адказала на пытанні датычна санкцый, дапамогі Беларусі і комплексу мер, неабходных для спынення гвалту.

Ціханоўская таксама абмеркавала з еўрадэпутатамі запуск спецыяльнай місіі збору доказаў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі. Там экс-кандыдат у прэзідэнты выступіла з прамовай, дзе заклікала ўсе краіны ЕС быць больш актыўнымі ў падтрымцы Беларусі, выступаць адзіным фронтам разам з ЗША, запусціць судовыя працэсы супраць сілавікоў за злачынствы супраць чалавечнасці, выкарыстоўваючы для гэтага механізм універсальнай юрысдыкцыі, і працягваць націск на рэжым Лукашэнкі праз кропкавыя санкцыі.

„Вельмі важна, каб уся дапамога ішла не рэжыму Лукашэнкі, а напрамую беларускаму народу. Наш народ змагаецца за тыя ж каштоўнасці, дзеля якіх быў створаны Еўрасаюз. Трэба не спыняцца на тых санкцыях, якія будуць прынятыя ў дачыненні да рэжыму заўтра, неабходна ўвесь час узмацняць націск на рэжым”, — падкрэсліла Ціханоўская.

У Бруселі яна прыняла ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных уручэнню прэміі імя Андрэя Сахарава „За свабоду думкі”, якая ў гэтым годзе па рашэнні Еўрапарламента ўручаецца дэмакратычнай апазіцыі Беларусі. На сустрэчы прысутнічалі і іншыя лаўрэаты прэміі Сахарава: кіраўнік праваабарончага цэнтра „Вясна” Алесь Бяляцкі, блогер Сцяпан Пуціла, сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч, Вераніка Цапкала, Вольга Кавалькова, Сяргей Дылеўскі.

belapan.by