Святлана Ціханоўская прыбыла з візітам у Люксембург (абноўлена)



Святлана Ціханоўская выступіла на Савеце замежных спраў ЕЗ. Яна заклікала міністраў дзейнічаць рашуча і захоўваць адзінства па пытанні Беларусі, паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай.

Пасля Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Люксембурга Ксаўе Беттэлем і еўракамісарам Оліверам Варгеліем. Ціханоўская і Варгелій сышліся на тым, што вельмі важна, каб ЕЗ не толькі ўводзіў санкцыі супраць рэжыму, але і дапамагаў беларускай грамадзянскай супольнасці.

У кулуарах Ціханоўская паразмаўляла з міністрам замежных спраў Швецыі і кіраўніком АБСЕ Ан Ліндэ, кіраўніком МЗС Польшчы Збігневам Рау і МЗС Даніі Йепе Кофад. Таксама адбылася размова з міністрам замежных спраў Аўстрыі Аляксандрам Шаленбергам.

Фота: t.me/tsikhanouskaya

* * * 

Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская прыбыла з візітам у Люксембург, паведаміў яе дарадца па міжнародных адносінах Франак Вячорка ў сваім телеграм-канале.

Візіт Ціханоўскай ў Люксембург і Брусель па запрашэнні вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля працягнецца да заўтра.

Як паведаміў Франак Вячорка, Ціханоўская выступае перад 27 міністрамі замежных справаў Еўразвязу.

Прадстаўляючы Ціханоўскую, Жазэп Барэль выказаў поўную падтрымку беларусам, якія змагаюцца за свабоду, і абвясціў, што Еўразвяз сёння, 21 чэрвеня, увядзе беспрэцэдэнтныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

Ціханоўская заклікала Еўропу заставацца адзінай, прынцыповай, не гандляваць палітвязнямі, падтрымліваць журналістаў і актывістаў.

Ціханоўская падчас выступу паказала кулю, якую дасталі з лёгкага хлопца, які быў паранены ў Менску падчас мірных акцыяў пратэсту.

Са словамі падтрымкі выступілі міністры Грэцыі, Літвы, Партугаліі, Славеніі, Даніі, Баўгарыі, Славакіі, Чэхіі, Эстоніі і іншых краінаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: https://www.facebook.com/viachorka