Святлана Ціханоўская прызначыла прадстаўнікоў па правах чалавека і эканамічных рэформах



 Былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская прызначыла прадстаўнікоў па правах чалавека і эканамічных рэформах, паведаміла прадстаўнік штаба Ціханоўскай Ганна Красуліна.

Прадстаўніком па правах чалавека стаў Гары Паганяйла — вядомы беларускі юрыст і праваабаронца, які быў адвакатам па многіх справах аб правах чалавека ў Беларусі, у тым ліку справы Паўла Шарамета, Дзмітрыя Завадскага і іншых. Больш за 20 гадоў ён з’яўляецца намеснікам старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэта.

„У Беларусі адбываюцца масавыя парушэнні правоў чалавека. Грамадства патрабуе спыніць гвалт і прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Трэба выкарыстоўваць усе механізмы, каб вінаватыя паўсталі перад справядлівым судом, калі ў нашай краіне будзе адноўленае вяршэнства права. Я абараняў правы чалавека і законнасць усё жыццё, і буду рады працягваць гэтую працу ў супрацоўніцтве са Святланай Ціханоўскай”, — пракаментаваў прызначэнне Паганяйла.

Прадстаўніком па эканамічных рэформах Ціханоўская прызначыла эканаміста Алеся Аляхновіча, які з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам Аналітычнага цэнтра CASE-Belarus, займаецца вывучэннем эканомікі, а таксама распрацоўкай эканамічных рэформаў для Беларусі.

„Зразумела, што эканамічнае развіццё Беларусі апошнім часам не выкарыстоўвала ўвесь патэнцыял нашай краіны, многае тармазілася з-за адсутнасці палітычнай волі, — адзначыў Аляхновіч. — Нам трэба стабілізаваць эканоміку і стварыць умовы для яе развіцця пасля новых сумленных выбараў. У нас для гэтага ёсць сур’ёзная каманда беларускіх эканамістаў, а таксама замежных эканамістаў, гатовых аказваць экспертную дапамогу. Я вывучаў рэформы ў розных краінах нашага рэгіёна і з радасцю выкарыстаю гэтыя веды на карысць маёй роднай краіны”.

Сама Ціханоўская падкрэсліла, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі „не толькі нелегітымны, ён больш не спраўляецца з асноўнымі задачамі, якія стаяць перад дзяржавай”. „Мы не можам бяздзейнічаць і назіраць, як краіна ўсё больш апускаецца ў крызіс. Мы глядзім у будучыню і рыхтуемся да таго, каб забяспечыць правядзенне новых сумленных выбараў і стварыць умовы для развіцця свабоднай дэмакратычнай Беларусі. Каб дамагчыся гэтага, я працягваю сваю працу па аб’яднанні ўсіх дэмакратычных сіл беларускага грамадства”, — заявіла яна.

belapan.by