Святлана Ціханоўская: Такому чалавеку запалкі не варта давяраць, не тое што ядзерную зброю



Святлана Ціханоўская пракаментавала выказванні Аляксандра Лукашэнкі наконт магчымага размяшчэння ў Беларусі расійскай ядзернай зброі.

«Большасць беларусаў заўсёды выказваліся за ваенны нейтралітэт Беларусі, мары Лукашэнкі пра вайну беларусы ніколі не падзялялі. Акрамя таго, дзеючыя міжнародныя пагадненні аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі наўпрост забараняюць размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі», — заявіла яна.

«І пры гэтым чалавек, які захапіў уладу, самалёт Ryanair і арганізаваў мігранцкі крызіс, — патрабуе ядзерную зброю. Такому чалавеку і запалкі не варта давяраць, не тое што ядзерную зброю», — падкрэсліла Ціханоўская.

Нагадаем, Лукашэнка ў інтэрв’ю гендырэктару МІА «Расія сёння» Дзмітрыю Кісялёву адказваючы на пытанне, што будзе, калі Германія адмовіцца ад размяшчэння ядзернай зброі NATO і яна будзе размешчана на Усходзе Еўропы, заявіў, што папросіць Пуціна вярнуць у Беларусь ядзерную зброю.

«Тады я прапаную Пуціну вярнуць ядзерную зброю ў Беларусь», — сказаў Лукашэнка.

«Якую?» — удакладніў Дзмітрый Кісялёў.

«Мы дамовімся, якую. Тую ядзерную зброю, якая будзе найбольш эфектыўна вось “пры такім судотыку”. Я ж нездарма сказаў, мы ж на тэрыторыі Беларусі да гэтага гатовыя. Я, як руплівы, прабачце, гаспадар, нічога не разбурыў, усе хлявы стаяць на месцы», — сказаў Лукашэнка.