Святлана Ціханоўская звярнулася да аршанцаў па-беларуску



Сустрэчай у аршанскім Парку герояў завяршыліся сустрэчы з кандыдаткай на пасаду прэзідэнта Святланай Ціханоўскай на Віцебшчыне.

Разам з ёй перад патэнцыйнымі выбаршчыкамі выступалі Марыя Калеснікава, прадстаўніца штаба зняволенага прэтэндэнта на ўдзел у выбарах Віктара Бабрарыкі, і Вераніка Цапкала, жонка яшчэ аднаго экс-прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду, Валерыя Цапкалы. Святлана Ціханоўская з першых хвілінаў уразіла тым, што звярнулася да прысутных па-беларуску, падкрэсліўшы, што вельмі любіць гэтую краіну, яе мову і яе народ. Нацыянальную тэму працягнула і Марыя Калеснікава, сказаўшы пра незвычайнае хваляванне, якое яна адчувае ў родным горадзе Уладзіміра Караткевіча. А таксама пра тое, што аршанцам не варта спадзявацца на абяцанні Аляксандра Лукашэнкі “узняць Воршу з руін і попелу” – трэба самім спрыяць пераменам да лепшага. Слухачы цёпла сустрэлі і Вераніку Цапкала, якая казала пра тое, што беларусы вартыя лепшай долі, хаця цяпер шмат хто з’язджае адсюль праз беспрацоўе і адсутнасць перспектываў.

Як і ў іншых гарадах, Святлана Ціханоўская заклікала прыходзіць на выбары выключна 9-га жніўня, каб пазбегнуць маніпуляцый з бюлетэнямі падчас датэрміновага галасавання. Яна падкрэсліла, што ў выпадку яе абрання будзе імкнуцца дамагацца дзвюх галоўных рэчаў: вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў і правядзення справядлівых выбараў новага прэзідэнта.

Аршанцы, якіх прыйшло на сустрэчу каля трох тысяч, неаднаразова перарывалі прамовы актывістак воплескамі і воклічамі “Света!”, “Малайцы!” Многія прысутныя прыйшлі з бел-чырвона-белымі сцягамі, белымі і чырвонымі шарыкамі, самаробнымі плакатамі ў падтрымку кандыдаткі. З Воршы “тры баявыя сяброўкі”, як яны самі сябе назвалі, накіраваліся на Магілёўшчыну.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Ворша

[manual_related_posts]