Сямашка надзелены паўнамоцтвамі віцэ-прэм’ера ў пытаннях стасункаў з Расеяй
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка надзелены паўнамоцтвамі намесніка прэм’ер-міністра па пытаннях дзейнасці Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы і стасункаў з Расеяй. Адпаведны ўказ №202 Аляксандр Лукашэнка падпісаў 30 траўня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
У адпаведнасці з дакументам, Уладзімір Сямашка пры рэалізацыі паўнамоцтваў віцэ-прэм’ера прадстаўляе Беларусь у кантактах са службовымі асобамі і дзяржаўнымі органамі Расеі і органамі Саюзнай дзяржавы па пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама ўносіць прапановы ўраду, рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, аблвыканкамам, Менскаму гарвыканкаму і іншым дзяржорганам і арганізацыям па пытаннях гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Расеяй.
Акрамя таго, ён каардынуе дзейнасць рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржарганізацый, падпарадкаваных ураду, прадстаўнікоў Беларусі ў органах Саюзнай дзяржавы, дае ім абавязковыя для выканання ўказанні і кантралюе іх рэалізацыю.
Уладзімір Сямашка будзе несці персанальную адказнасць за прасоўванне нацыянальных інтарэсаў Беларусі ў Саюзнай дзяржаве і адносінах з Расеяй.
