Сяргей Антончык: Расея кантралюе цэлыя краіны…



20 снежня 1994 Беларусь узарваў даклад на сесіі ВС 12 склікання пра карупцыю ў атачэнні нядаўна абранага Аляксандра Лукашэнкі. Апошні падчас слухання ў літаральным сэнсе пусціў слязу – выступ трансляваўся ў наўпроставым эфіры. Яго рабіў аўтар – тагачасны дэпутат, арганізатар ды лідар рабочага руху Сяргей Антончык.

^CC0BA2894D16B193DB235A088C8D8583A9C5A6AF9E67BC46E8^pimgpsh_fullsize_distr

Грунтоўныя факты, што былі там прадстаўлены, рабілі, па меншай меры, дробнымі енкі пра цвікі на лецішчы Станіслава Шушкевіча, вакол чаго быў пабудаваны папярэдні антыкарупцыйны даклад тады яшчэ дэпутата Лукашэнкі.

На наступны дзень адбыўся, бадай, першы сур’ёзны наступ на свабоду слова – асноўныя дзяржаўныя газеты выйшлі з “белымі плямамі” – даклад Антончыка быў забаронены да друку з Адміністрацыі прэзідэнта. Кіраўнік справамі Іван Ціцянкоў падаў іск на Сяргея аб абароне гонару і годнасці. Суд наш герой прайграў, яго асабістая маёмасць была часткова канфіскаваная. Хоць ніводзін з фактаў, выкладзеных у дакладзе, ніхто ДАГЭТУЛЬ не абвергнуў.

Пасля Антончыка, давераную асобу Генадзя Карпенкі, спрабавалі скрасці славутыя “чорныя маскі”. Ён быў збіты ў Авальнай зале ў часе галадавання дэпутатаў апазіцыі БНФ. Затрыманы амапаўцамі падчас страйку Менскага метрапалітэна, не гледзячы на дэпутацкі імунітэт. У 2001 вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты, пасля зняў сваю кандыдатуру на карысць Міхаіла Марыніча. І… на гады знік з публічнага жыцця. Аж пакуль на нядаўнім Кангрэсе за незалежнасць быў абраны чальцом пастаянна дзеючай рады.

Спадар Антончык мае жонку, трох дзяцей, унукаў. Выпрацаваў сваё, непадробнае бачанне палітычнай структураванасці беларускага грамадства. Адпаведна – сваё месца ў ёй. Кажа, што як дзеючы практык, не выпадкова замест удзелу ў якой-небудзь партыі абраў працу ў радзе Кангрэса за Незалежнасць. Сёння – ён госць “РР”.

РР: 20 год прайшло пасля Вашага гістарычнага даклада. І хоць, паводле апошняга апытання незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, сярод 10 найбольш “балявых кропак” карупцыя не значыцца, на якое б месца паставілі яе сярод пагрозаў незалежнасці Беларусі?

Сяргей Антончык:  На другое! Бо першая пагроза – з Усходу. Само існаванне варагуючай з суседзямі Расейскай імперыі ёсць небяспека для нашай краіны. А механізм карупцыі, якую выкарыстоўвае Крэмль дзеля ўтрымання ў полі свайго  ўплыву рэспублік былога СССР, я называю “расейскай матрошкай”. У іх “акварыюме” былі падрыхтаваныя кіраўнікі будучых незалежных дзяржаў – Януковіч на Украіне, Смірноў ў Прыднястроўі і наш Лукашэнка. Як яны меркавалі, задача такіх кіраўнікоў – разбурыць “тутэйшыя” вертыкалі ўлады, эканоміку, ліквідаваць нацыянальныя кадры. Усё робіцца праз ценявыя карпарацыі, “пазабюджэтныя” фонды, што праводзяць нарабаваныя сродкі праз афшорныя зоны. Такім чынам, Расея кантралюе цэлыя краіны…

РР: Значыць, і праз 20 год асноўныя тэзы Вашага антыкарупцыйнага даклада можна паўтарыць?

Сяргей Антончык: Паводзіны нашых уладаў трывала грунтуюцца на карупцыйнай платформе! Карупцыя аб’ядноўвае чыноўнікаў, дае магчымасць іх кантраляваць ды імі кіраваць. Калі кіраўніка запрашаюць на працу не па дзелавых якасцях, а па наяўнасці на яго “кампрамата”.

РР: Ужо пісалася пра тое, што Лукашэнку выгадная карумпаванасць кадраў вышэйшага і сярэдняга звяна…

Сяргей Антончык: Канешне! У сённяшняй улады няма прыстойнай ды прывабнай ідэалогіі – прынамсі, нацыянальна-патрыятычнай, еўрапейскай, незалежнай. Ёсць негалосная “ўказіўка” – крадзі, пакуль пры ўладзе. Таму першая “задача” карупцыі – аб’яднаць чыноўнікаў пад мяноклічамі асабістай адданасці Лукашэнку, па-другое, выкарыстоўваць іх у сваіх карыслівых мэтах. Чалавек, на якога ёсць пульхнае дасье будзе рабіць тое, на што не мае права, паводле заканадаўства. Напрыклад, фальсіфікаваць выбары. Між іншым, “кадравай” карупцыі не было нават пры камуністых. Калі без “компры” проста не ставяць на высокія пасады. Гэта дае магчымасць кантраляваць іх паводзіны і палітычную лаяльнасць. У той жа Расеі рэальная барацьба з карупцыяй немагчымая і невыгадная, бо развальваецца “кантракт”, што існуе паміж Пуціным ды нацыянальнымі, кланавымі групоўкамі. Факт, што некалі разбіраў. Дырэктарка школы “раскідвае” паміж настаўнікамі вялікую прэмію, якую, не баючыся, прымушае іх пасля ёй “вярнуць”. Чаму такая “смелая”? Бо кожным разам з’яўляецца старшынёй выбарчай камісіі і ведае як усё фальсіфікуецца. За што і кладзецца “кампенсацыя” – раней хабар хартовымі шчанюкамі давалі, цяпер “бяры сам, на што вока пакладзеш”. Мне задаюць пытанні – а чаму ж пры гэтым ідуць пасадкі, у тым ліку, вышэйшых асобаў? А тады, калі не па ранжыру ўзяў, альбо, скажам, праігнараваў вышэйшага “наглядчыка” і не здаў у агульную касу нейкую рэнту. Краіна ператвораная ў гіганцкае карупцыйнае ўнітарнае прадпрыемства. Калі некалькі асобаў выкарыстоўваюць у прыватных мэтах агульнаграмадскі прыбавачны прадукт. Ільвіная яго доля ідзе на ўзмацненне самаўлады, суды, ахову, АМАП, пракуратуру, тую ж фальсіфікацыю выбараў і г.д. Другая, меншая частка на ўзмацненне дабрабыту асноўнай масы чыноўнікаў – спецбальніцы, заробкі ў “капэртах”. І зусім маленькая – тым, хто яго ўласна вырабляе.То бок, на сацыяльныя выплаты, пенсіі. Такім чынам дзейнічае не вертыкаль улады, а прырастае Дрэва Карупцыі. Пры гэтым катастрафічна разбураецца грамадства. У нас вельмі законапаслухмянае насельніцтва было. А сёння, калі бацька хоча ўладкаваць недзе лепей сына – ідзе ды дае хабар. Лепшаму ўрачу – таксама на “лапу”. Людзі разумеюць, што па закону нічога не атрымаецца, лепш купіць, што трэба. І гэта можа перамясціць вектар нашага гістарычна еўрапейскага выбару на азіяцкі. Таму і лічу, што калі ўсур’ёз не будзем браць пад увагу, аналізавацть ды змагацца з карупцыйнай гідрай, страцім найвышэйшую каштоўнасць – Незалежнасць!   

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара

[manual_related_posts]