Сяргей Богдан: Асноўная рызыка Беларусі – не стаць другой Паўднёвай Асеціяй на фоне лакальнай геапалітычнай рэвалюцыі



У лістападзе Рада па міжнародных адносінах «Менскі дыялог» апублікавала аналітычную запіску пад назвай «Адносіны Беларусі і Расеі ў 2021 годзе». Адна з высноваў аналітычнага матэрыялу гучыць несуцяшальна: калі адносіны з суседнімі краінамі і Захадам не палепшацца, збліжэнне Беларусі і Расеі працягнецца. Менск можа запавольваць працэсы росту ўплыву Масквы, аднак для многіх сфераў рост расейскай прысутнасці стане незваротным ужо ў найбліжэйшыя месяцы.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з «Госцем Рацыі» – аўтарам аналітычнага матэрыялу, навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі ім. Фрыдрыха Майнэку Свабоднага ўніверсітэту ў Берліне Сяргеям Богданам пра тое, наколькі непазбежная поўная рэалізацыя саюзных праграм надалей, ці з’яўляецца сітуацыя магчымага аншлюсу вынікам 30-гадовай інтэграцыі, які ўплыў аказалі санкцыі ў дачыненні да Беларусі на яе небяспячнае збліжэнне з Расеяй і які «рыкашэт» ад гэтага чакае Еўропу і Польшчу.

РР: На ваш пункт гледжання, ці Беларусь сапраўды можа ўвайсці ў склад Расеі. Гэтае збліжэнне адбываецца дзякуючы знешняму ціску, ці гэта ўнутраны інтэграцыйны працэс, які развіваўся працяглы час і ён не залежыць ад ціску знешніх сіл?

Сяргей Богдан: Гэты працэс змяніў радыкальна сваю дынаміку ў апошнія гады, і перш за ўсё ён змяніў сваю дынаміку ў звязку з тым, што адбывалася вакол дарожных картаў, якія выклікалі процьму спрэчак паміж краінамі. У выніку яны таксама наклаліся на тое, што адбывалася ў працэсе леташняй палітычнай кампаніі – перадусім пратэстаў пасля падману на выбарах. У працэсе ўсяго гэтага сапраўды дынаміка моцна змянілася. Безумоўна змена дынамікі звязана з вонкавым ціскам, які пачаўся на беларускую дзяржаву. Ціск з Захаду, практычна блакада, не пакідае для Беларусі іншага выбару, як ісці на ўсё большыя саступкі Крамлю.

РР: Дапусцім, што адбудзецца адмоўны сцэнар і Беларусь увойдзе ў склад Расеі. Гэта плануецца як далучэнне новых губерній, ці будзе нейкая аўтаномія, што гэта можа быць?

Сяргей Богдан: Па тым, што гавораць кіраўнікі Беларусі і Расеі, праглядаецца сцэнар такой вялікай Паўднёвай Асеціі, то бок, дзяржавы, якая залежная ва ўсім ад Масквы, але пры гэтым захоўвае пэўныя атрыбуты сваёй дзяржаўнасці. Гэта дазваляе, у тым ліку, стварыць вялізную шэрую зону, якая ў прынцыпе, гледзячы на характар расейскага рэжыму, сама па сабе з’яўляецца цікавым варыянтам для пэўных спраў бізнесу. Але не думаю, што тут можна казаць пра фармальны аншлюс, тут хутчэй гаворка пра тое, што з гаспадарчага пункту гледжання, з вайсковага пункту гледжання звесці да мінімуму дзяржаўнасць і аўтаномію Беларусі. Гэта ўжо сёння адчуваюць беларускія грамадзяне, калі ў любы кірунак света можна даехаць толькі праз Маскву.

РР: Наколькі беларуская эканоміка звязана з расейскай? Ці ёсць ужо повязі непарыўныя, на якія не паўплывая ніякая дапамога, напрыклад Еўропы, у гэты кірунку?

Сяргей Богдан: Я зноў-такі падкрэслю, што гісторыя сённяшняй інтэграцыі, гэта не тая гісторыя, якую пачалі Лукашэнка і Ельцын. Гэта гісторыя, якая вельмі намінальна прывязаная да тых актаў, якія былі падпісаныя ў 90-х, і якія з большага былі звязаныя з патрэбамі ўмацаваць уладу Ельцына і павысіць яго рэйтынг, чым з нейкімі сур’ёзнымі інтэграцыйнымі дамоўленасцямі. Пасля падпісання гэтыя акты фактычна не ажыццяўляліся. Калі казаць пра вайсковую сферу, рэгіянальная группоўка войскаў заставалася не тое што папяровым тыграм, яна ўвогуле заставалася выключна на паперы. Безумоўна, леташнія падзеі прывялі да чаканага выніку, да таго, што былі ўведзеныя санкцыі, і яны спрычыніліся да цалкам чаканага выніку – Беларусь стала залежнай і ў эканамічным дачыненні, пры гэтым не атрымаўшы нейкіх эканамічных выгодаў. Тут трэба зразумець, што ніякіх падарункаў у звязку з гэтым не было. Тое, што было атрымана, яно было атрымана толькі таму, што гэта або было выгадна Крамлю, або пэўным асобам з атачэння Пуціна, або гэта было тое, што прывязвала бліжэй Менск да Масквы і стварала большую залежнасць. Таму дынаміка памянялася ў апошнія два гады. Гэта не вынік 30 гадоў інтэграцыі. Гэта вынік апошніх 3-4 гадоў, калі беларускае кіраўніцтва вырашыла, што ніякага транзіту ўлады яно на гэты момант рабіць не будзе, лепш ахвяруе пэўнымі вонкава-палітычнымі момантамі, то бок, страціць фактычна аўтаномію ў многіх пытаннях, чым будзе шукаць кансэнсус унутры краіны. І таму дзяржаўнасць апынулася пад пагрозай.

Цалкам размова:

З «Госцем Рацыі» навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі ім. Фрыдрыха Майнэку Свабоднага ўніверсітэту ў Берліне Сяргеям Богданам размаўляла Вольга Сямашка.