Сяргей Калякін: Дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі Беларусь атрымала дзяржаўнасць



Актывісты праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі ўсклалі кветкі да помніка Уладзіміру Леніну на плошчы Незалежнасці ў Менску. Гэтак яны адзначаюць 97-ую гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі. Лідар апазіцыйнай партыі „Справядлівы свет” Сяргей Калякін разам з групай сваіх прыхільнікаў таксама адзначае гэты дзень як свята і станоўча ацэньвае Кастрычніцкі пераварот:

– Сёння мы ўсклалі кветкі на плошчы Незалежнасці да помніка правадыру рэвалюцыі Уладзіміру Леніну – гэта было асноўнае мерапрыемства, у ім удзельнічалі актывісты розных левых партый, у тым ліку і нашай партыі. Мы лічым, што гэты дзень шмат даў Беларусі. Калі б не было Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, то не было б  дзяржаўнасці Беларусі. Літаральна праз некалькі месяцаў пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі была абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычна Рэспубліка, якая ўпершыню ў гісторыі дала дзяржаўнасць нашай краіне.

Сяргей Калякін лічыць, што дзякуючы якраз  Кастрычніцкаму перавароту народы з былой Расейскай імперыі атрымалі права на волю, а рабочыя права на годнае жыццё. Рэвалюцыя і тое, што пазней адбылося (рэпрэсіі і грамадзянская вайна) гэта розныя справы, адзначае Калякін, але ўсё гэта наша гісторыя і пра гэта трэба памятаць, сказаў палітык.

Праўладныя камуністы распаўсюджвалі сёння беларускамоўныя ўлёткі: з надпісам «Не было б Кастрычніцкай рэвалюцыі, не было б БНР».

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя