Сяргей Калякін: Новыя змены толькі пагаршаюць становішча палітычных партый



Лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін прагназуе, якім можа быць новы Закон аб палітычных партыях.

У гэтым годзе павінна прайсці перарэгістрацыя партый, а перад гэтым будзе прыняты яшчэ і Закон аб партыях. Што чакае тыя апазіцыйныя партыі, якія ўжо маюць легальны статус?

Сяргей Калякін: Пакуль няма Закона аб партыях, таму нешта складана прагназаваць. А ў Беларусі тым больш складана, бо заўтра ўсё можа перавярнуцца з ног на галаву.

Увогуле, Закон аб палітычных партыях – гэта той закон, які закранае шырокія слаі грамадства. Таму пры яго абмеркаванні павінны былі быць нейкія публічныя слуханні, абмеркаванне таго, што збіраюцца прымаць. І тады можна было б разважаць, якія наступствы гэты закон нясе для грамадзян Беларусі, для палітычных партый.

Але мы нічога гэтага не бачым і не ведаем, бо ўсе змены, калі яны будуць, публічна не абмяркоўваюцца. Хаця некаторая інфармацыя ўсё-такі прасочваецца.

РР: Вы маеце на ўвазе заяву, што не варта чакаць дзяржаўнага фінансавання палітычных партый?

Сяргей Калякін: Так. І гэта дрэнна ў першую чаргу для дзяржавы. У многіх краінах свету (у тым ліку, і ў некаторых краінах, якія ўваходзяць з Беларуссю ў палітычны альянс) маецца дзяржаўнае фінансаванне партый.

Акрамя таго, як мне падаецца, не будзе ў краіне і прапарцыйнай сістэмы выбараў. Мяркую, не будзе і зніжэння колькасці сябраў партый, якія неабходны для таго, каб стварыць структуру. У нас неабходна тысяча чалавек, каб зарэгістраваць партыю, і гэта, напэўна, самы высокі паказчык сярод еўрапейскіх краін. У некаторых краінах дастаткова трох чалавек, каб стварыць партыю. Нават у Расеі, насельніцтва якой складае больш за 140 мільёнаў, для стварэння партыі патрэбны 500 чалавек.

Таксама, наколькі вядома, зробяць больш жорсткімі патрабаванні па дзейнасці партый. У тым ліку, па міжнародным узаемадзеянні.

РР: Якія шанцы ў вашай партыі перарэгістравацца?

Сяргей Калякін: Змены ў Закон аб партыях уносіліся ўжо каля дзесяці разоў, і вопыт паказвае, што новыя змены толькі пагаршаюць становішча палітычных партый і ўскладняюць іх дзейнасць. Не думаю, што нешта моцна зменіцца і гэтым разам.

Што тычыцца перарэгістрацыі, то ў выпадку, калі ў краіне “не да законаў”, чакаць можна абсалютна любога рашэння. Хутчэй за ўсё, будзе звычайная палітычная зачыстка.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя