Сяргей Лаўроў: Беларусь можа далучыцца да санкцый Расіі супраць ЕЗ



Казахстан і Беларусь могуць далучыцца да расейскіх санкцый супраць Еўразвязу, заявіў міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў у інтэрвію агенцтву «РИА-Новости».

Ён сказаў, што правілы Мытнага звязу дазваляюць такія сумесныя крокі ў адказ на вонкавы эканамічны ціск на адну з дзяржаваў-удзельніц. Паводле Лаўрова цяпер пытанне аб сумесных дзеяннях у адказ на крокі Захаду не на парадку дня, але такая неабходнасць можа ўзнікнуць у будучыні.

«Адносна санкцыйнага ціску Захаду мы з партнёрамі адзіныя ў тым, што ўведзеныя ў дачыненні да Расеі абмежавальныя меры супярэчаць нормам міжнароднага права і не спрыяюць урэгуляванню ўнутрыўкраінскага крызісу,» — сказаў кіраўнік расейскага МЗС.

Гэта заява была зробленая на фоне канфлікту вакол паставак харчовай беларускай прадукцыі на расейскі рынак.

У канцы лістапада «Рассельгаснагляд» увёў забарону на пастаўку прадуктаў харчавання з 23 прадпрыемстваў Беларусі. Акрамя таго, Масква ініцыявала спыненне транзіту забароненай у РФ прадукцыі праз Беларусь па маршруце, які праходзіць праз Расею ў Казахстан і трэція краіны.

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь адхіляе абвінавачванні ў рээкспарце.

Беларускае Радыё Рацыя