Сяргей Нікалюк: Беларуская мадэль амаль цалкам залежыць ад Расеі



Палітолаг Сяргей Нікалюк прагназуе, якім чынам могуць разгортвацца падзеі бліжэйшым часам у Беларусі.

Сяргей Нікалюк: Калі кажуць, што ў цэнтры Еўропы можа з’явіцца варыянт Паўночнай Карэі, то з некаторымі папраўкамі такі варыянт можна ўявіць.

На гэтым этапе ў Беларусі ідзе працэс акуклення гэтай сістэмы. Пры гэтым ідзе так актыўна таму, што паралельныя працэсы адбываюцца і ў Расеі. Мы ў гэтым плане не самастойныя.

Тыя, хто пры ўладзе, могуць толькі з дапамогай сілы трымаць грамадства пад кантролем. Іншага метаду ў іх няма.

РР: Некаторыя сцвярджаюць, што пастаянна грамадства ў такім стане напружанасці не можа знаходзіцца…

Сяргей Нікалюк: Хачу яшчэ раз нагадаць, што беларуская мадэль амаль цалкам залежыць ад Расеі. І калі нехта жадае паразважаць пра будучае Беларусі, няхай спачатку задасца пытаннем: а якая будучыня ў Расеі? А ў Расеі на бліжэйшую перспектыву (гадоў на 10-20) яшчэ рэсурсаў хопіць, таму ў мяне больш песімістычныя чаканні.

РР: У такім выпадку, у якім стане будзе існаваць грамадзянская супольнасць у Беларусі?

Сяргей Нікалюк: Як вядома, у гэтым годзе ў нас аб’яўлена глабальная праграма – Год адзінства беларускага народа. Як будзе дасягацца гэтае адзінства? Мяркую, па прынцыпе: хто не з намі – той супраць нас.

Таму, як мне падаецца, актыўныя нязгодныя будуць цалкам нейтралізаваны. Менш актыўных ізалююць, а астатнія будуць маўчаць.

І для такога прагноза не трэба быць аналітыкам. Дастаткова штодня праглядаць стужку навін, і вы ўбачыце, як гэтую самую грамадзянскую супольнасць ужо знішчаюць.

РР: А рэакцыя міжнароднай супольнасці?

Сяргей Нікалюк: Можна заўважыць, што Расеі, а апошнім часам і Беларусі, стала “да лямпачкі” тое, што пра іх думаюць на Захадзе. Перыяд развіцця гэтай сістэмы, які я называў “імітацыйнай дэмакратыяй”, закончыўся.

Сёння кіраўніцтва Расеі і Беларусі разумеюць тупіковасць сваіх сістэм, але яшчэ лепш разумеюць іншае – калі яны пачнуць сістэму рэфармаваць, то ўсё абрынецца.

Трэба адзначыць таксама памылковасць тых, хто кажа, што ва ўладаў Беларусі адсутнічае здаровы сэнс. У іх ёсць здаровы сэнс. Проста беларуская мадэль – гэта не пра эканоміку. Беларуская мадэль – пра ўтрыманне ўлады. І ў гэтым трэба прызнаць эфектыўнасць іх дзеянняў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя