Сяргей Спарыш прызнаны палітзняволеным



Актывіста партыі «Народная грамада» Сяргея Спарыша праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітычным зняволеным.

У дачыненні да яго распачата крымінальная справа па ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Па тым жа артыкуле і на падставе таго ж інцыдэнту абвінавачваюцца фігуранты «справы Ціханоўскага».

Сяргей Спарыш вёў сацыяльныя сеткі, і ў яго затрыманні і абвінавачванні ёсць пэўная заканамернасць, адзначае праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч:

– Блогеры, па меркаванні ўладаў, небяспечныя тым, што сваімі стрымамі распаўсюджваюць інфармацыю пра пікеты. Як сказаў міністр унутраных спраў, нават іх арганізоўваюць і каардынуюць, таму і было прынятае рашэнне ізаляваць.

Але тут трэба адзначыць, што нават калі яны і арганізоўваюць мірныя сходы і іх каардынуюць, то гэта іх абсалютнае права. Абсалютна гарантаванае права арганізоўваць і ўдзельнічаць у мірных сходах, у тым ліку выказваць такім чынам свой пратэст.

Сяргей Спарыш быў затрыманы 25 чэрвеня супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным, якія з ужываннем фізічнай сілы выцягнулі яго з кватэры. На дадзены момант Сяргей Спарыш з’яўляецца падазраваным па гэтай справе і знаходзіцца ў Ізалятары часовага ўтрымання г. Менска.

Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя