Сяргей Вазняк: Пікеты Караткевіч будуць тэматычныя
Паўсотні кропак на мапе Беларусі плануе аб’ехаць кандыдат на пасаду прэзідэнта ад ініцытывы “Народны рэферэндум’’ Таццяна Караткевіч. Пра гэта паведаміў адзін з арганізатараў сустрэч з выбаршчыкамі, давераная асоба Сяргей Вазняк. У асноўным мерапрыемствы пройдуць у форме пікетаў, у буйных гарадах адбудуцца сустрэчы ў закрытых памяшканнях. “Мы імкнемся прысвячаць нашыя паездкі пэўнай тэматыцы”, – адзначыў палітык:
– Першы пікет у нас быў у Дзень горада ў Менску і ён быў прысвечаны праблеме, якой мэр лепшы: прызначаемы прэзідэнтам, або абіраемы жыхарамі горада. Затым будзем адзначаць 20-годдзе стварэння Асацыяцыі журналістаў, і мы ў Менску правядзем пікет, прысвечаны свабодзе слова, праблеме ціску ўлады на журналістаў, на фрылансераў, арэсты, штрафы, закрыццё газет і г.д.
Як распавёў Сяргей Вазняк, актывісты штабу будуць таксама актыўна працаваць праз сацыяльныя сеткі і запрашаць людзей на сустрэчы з кандыдатам. Так на першым этапе кампаніі, дзякуючы інтэрнэт-пляцоўцы, да кампаніі далучылася каля 300 валанцёраў па ўсёй краіне.
Беларускае Радыё Рацыя
