Сяргей Высоцкі: Дапускаю, што існуе план стварэння Гарадзенскай народнай рэспублікі
Тэма эскалацыі расейскага войска на мяжы з Беларуссю вельмі хвалюе жыхароў Літвы.
На сустрэчу парламентарыяў і журналістаў у Вільні ў якасьці эксперта быў запрошаны палітолаг, кіраўнік незарэгістраванай Беларускай партыі свабоды – самаабароны Сяргей Высоцкі. Ён падзяліўся сваімі прагнозамі небяспекі, якая зыходзіць ад уладаў Расеі:
– Існуе вельмі сур’ёзная небяспека. Нават існуе магчымасць таго, што можа быць створана так званая Гарадзенская народная рэспубліка. Нават разглядаецца варыянт падобнага развіцця сітуацыі. Натуральна, што ў расейскім генштабе і сілавых структурах маецца цэлы набор варыянтаў, як яны могуць разгортваць падзеі. Адзін з іх пэўна дапускае паўставанне так званай Гарадзенскай народнай рэспублікі з мэта стварэння “прыбалтыйскага катла”.
Сяргей Высоцкі, выступаючы ў літоўскі медыях, не выключаў такога варыянту, бо ў Гародні й вобласці апошнія гады актыўна стала праяўляць сябе прарасейская агентура з уцягваннем моладзі ў расейскія вайсковыя лагеры на тэрыторыі Беларусі.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя