Сяргей Высоцкі: Патрэбна сур’ёзная канструктыўная праграма выхаду з крызісу



Пратэстны рух у Беларусі пераходзіць у фармат „крок наперад – два назад”. Лукашэнкаўцы пераходзяць у наступ. У той жа час, эканамічны крызіс праз пратэсты грамадства праяўляе сябе ў падзенні курса беларускай валюты, што негатыўна паўплывае на дабрабыце беларусаў.

Пра ўсё гэта пагутарым з „Госцем Рацыі” Сяргеем Высоцкім – старшынём Беларускай партыі Свабоды – Самаабарона.

РР:  Чаго чакаць? Як бы вы ацанілі  сітуацыю ў Беларусі?

Сяргей Высоцкі: Я праз дзень даю каментары для ўкраінскіх тэлеканалаў. Прысутнічаю на ўкраінскім мэдыйным полі. І таму магу сачыць за дыспутам экспертаў, палітыкаў Украіны па тэме Беларусі. У іх свае адзнакі нашых падзеяў. З аднаго боку, яны падтрымоўваюць беларусаў, за што мы ўдзячныя. Перажываюць за лёс Беларусі. Але, перажываюць за лёс незалежнай Беларусі, і бачаць працэс больш звонку, больш комплексна. Тое, што ёсць. І трэба задавацца пытаннем: якія здабыткі ёсць зараз у беларускай дзяржавы, у беларускага народа пасьля гэтых падзеяў? Наколькі мы ўмацавалі сваю эканоміку? Наколькі ўмацавалася наша суб’ектнасьць? Наколькі ўмацаваўся аўтарытэт беларусаў? Ці адкрыліся нейкія шляхі, пасля гэтага, беларускаму народу? Ці пачаліся нейкія перамовы й дыялог з прадстаўнікамі нацыянальнай эліты? Вядучымі прадстаўнікамі заходняй эліты? Ці можа быць беларусам прапанавалі нейкі статус, асаблівы там, заходнія калегі. Што ж мы бачым, насамрэч? Мы бачым, што сітуацыя вельмі ўскладнілася.

З аднаго боку, беларускае грамадства, безумоўна, абудзілася, абудзілася моладзь, найперш. Беларуская моладзь прадэманстравала, што яна стамілася ад дыктатуры. Ёсьць нацыянальнае абуджэнне. Але ёсць грамадскі канфлікт за апошнія тыдні. Улада правяла такую „перадыслакацыю”. Правялі свае „мітынгі”. Пачыналася, як бюджэтнікаў, але ўсё гэта дало ім мажлівасць перавесці дых, мажлівасць выйсці з дыпрэсіі, такога ступара. І, можна казаць, што спачатку былі бюджэтнікі, а цяпер – сам не хадзіў, сябры хадзілі, сам хачу сёння паглядзець  – але я бачу шмат людзей апантаных, шмат людзей, якія падтрымоўваюць у тым ліку ўладу. І тутака, у гэтай сітуацыі, трэба ўзнімацца над эмоцыямі. На сваю ўзбуджанасць, прыняць халодны душ. Думаць нацыянальнымі катэгорыямі – дзяржаўнымі. Бо з аднаго боку – нехта махае аўтаматамі, нехта – сардэчкі ўсё адпраўляе. Гэта ўсё неадэкваты. Неадэкваты з двух бакоў. Нам ня трэба ні аўтаматы, ні сардэчкі, а сур’ёзныя канструктыўныя праграмы выхаду з крызісу. Сур’ёзныя стратэгіі, як мы будзем дзейнічаць, ратаваць наш беларускі дом.

РР: Супраціў ўзурпацыі ўлады ён, канешне, матываваны. І з гэтым няма пярэчанняў, але – я маю такое адчуванне, што кіраванне працэсамі пераходзіць да вонкавых гульцоў. Бо ўсе спробы стварыць суб’ектнасць у гэтым супраціве – нівелюецца як на рэгіянальным, так і на агульнанацыянальным роўні.

Сяргей Высоцкі: Насамрэч, на жаль, вы маеце рацыю. У мяне ўзнікае вельмі вялікае падазрэнне, што я і кажу ў інтэрв’ю і беларускім і замежным СМІ, што дамова па гэтай сітуацыі паміж галовамі на Захадзе, якіх прынята называць ліберальнымі коламі, і прадстаўнікамі пуцінскай адміністрацыі, пуцінскім асяроддзем – была здабыта яшчэ да выбараў. І, глядзіце: беларусы сапраўды прадэманстравалі волю, сур’ёзную волю. Але, наколькі гэта ўмацавала нашу суб’ектнасць?

Едуць заходнія прадстаўнікі, размаўляюць са Святланай Ціханоўскай. Ну, ня буду ніякія даваць каментары, акрамя таго, чаго дамагаецца гэтая жанчына, якая сама кажа, што выпадкова апынулася на гэтай ролі, якая кожны дзень, праз дзень дае супярэчлівыя заявы. Заяўляе, што яна выходзіць з палітычнага працэсу – выбачаецца, а потым называе сябе нацыянальным лідарам. То кажа, што трэба шукаць дыялогу з Захадам, потым – што мы ў кожным выпадку будзем у добрых стасунках з Расеяй, дружбы з Расеяй, і Расея наша. Гэта бяда выпадковага чалавека, які воляй абставінаў, – у часе пратэстнага галасавання так бывае, аказваецца не на сваім месцы. Але суб’ектнасць кожнага народа вызначаецца да якой меры ён прыслухоўваецца да сваёй эліты. Ровень, якраз, суб’ектнасці нацыі вымяраецца тым, у якой меры нацыянальная эліта адстойвае ягоныя інтарэсы. 

Нацыянальная эліта па-за дыскурсам. Гэтыя падзеі ня ўзрушылі ні на міліметр стаўленне беларускай эліты, як свет беларускага народа. Ніякіх новых пляцовак для дыспута ня ўзнікла. Мы бачым, што наадварот – бяздарная гульня рэжыму, які не жадае размаўляць з еўрапейскімі лідарамі. Але апрача рэжыму ёсць гэтыя самыя беларусы. І бачым, што заходнія лідары з вялікай радасцю ўспрынялі такую падачу. Вядуць перамовы па Беларусі – без беларусаў. Размаўляюць з Пуціным. І як сказаў Макрон, што галоўнае не дапусціць другой Украіны. Таму Эмануэль Макрон заявіў, што Расея мае асаблівую ролю ў развязанні крызіса.  Мы не пачулі абвяржэння, напрыклад, ад суседзяў нашых – ад Польшчы, ад пана Дуды. Мы не пачулі іншую лінію, ад Задзіночаных Штатаў Амерыкі. Яны ўсе кажуць пра дыскрэдытаванага беларускага дыктатара, ну й прыедуць да куды больш страшнага дыктатара Пуціна. Што ж гэта за абсурд? Беларусы прадэманстравалі такую волю, і такія падзеі! Так людзі ахвяраваліся. І замест гэтага мы бачым не перамогу, а паразу. Замест росту нашага нацыянальнага ўплыву, адбываецца проста процілеглы працэс.

РР: У дадатак да гэтага варта прыгадаць дэмарш Лукашэнкі, калі ўсё больш і больш на гэтак званым беларускім тэлебачанні – гучыць мова нянавісці, хлусні, у тым ліку і праз вусны ягоных наймітаў з ліку пуцінскіх прапагандыстаў.

Сяргей Высоцкі: Гэта ўвогуле жудасна, таму што ў гэтай частцы спецаперацыя Масквы ўдалася цалкам.   Таму што разлік быў на тое, каб альбо паставіць Лукашэнку-2, тады можна калектыўна, ліберальна максімальна яго прыдушыць, паслабіць і увесці атачэнне, якое зойме сілавыя структуры, зойме месца ў апараце, СМІ, і потым, калі сітуацыя нейкім чынам будзе развязвацца – проста паставіць перад фактам, што, маўляў, „вось мы ўжо на дзяржаўных пасадах”. То бок – усё. Яму прыйдзецца лічыцца. Ну, вядома, што каля сямі дзясяткаў прыляцела кансультантаў да Лукашэнкі. Гэта гнуснасць сама па сабе з Масквы – якія зусім змянілі танальнасць, і дарэчы – дзейнічаюць вельмі прафесійна. Але разам з тым ідзе дыялог і з новай апазіцыяй і,  як кажуць: ледзь не адным бартом  прыляцела каманда, якая вядзе размовы, працягваюць гульню на два лагеры. Расейскія медыяканалы падаграюць сітуацыю. Афіцыйныя,  нібыта, цяпер на баку Лукашэнкі, а медыяканалы падаграюць градус, каб не саскочыў падлоўлены на гачок карась. Таму праца вядзецца ў дзьве рукі, і Аляксандр Лукашэнка найперш прывёў да ўсёй гэтай гісторыі. Вынішчыў палітычнае поле, ролю нацыянальнае эліты. Іх ня бачна. Зачысціў ад сваіх. І гэтае поле запаланяюць вонкавыя сілы, і маніпулююць беларусамі. І маем тое, што маем.

РР: Атрымоўваецца так, што беларускім пратэстоўцам, людзям, якія імкнуца да дэмакратыі ў Беларусі, давязецца разлічваць на доўгатэрміновую перспектыву ў плане змены ўлады на нацыянальныя рэйкі. Якая б, на вашу думку, тактыка павінна была быць сёння ў беларускага грамадства?

Сяргей Высоцкі: Вы абсалютна дакладна вызначылі сітуацыю. Як на мой погляд: перайшло ўсё ў пазіцыйную стадыю. І, ведаеце, вось я казаў пра ўкраінскі дыскурс па Беларусі. Яны задаюць адно пытанне: зараз беларускія пратэсты выглядаюць, больш як бунт. Як сказаў Віталь Портнікаў: „Гэты бунт супраць абрыдлага ўзурпатара не будзе каштаваць нічога, калі ён не перарасце ў волю бараніць дзяржаўную незалежнасць любым коштам. Калі ён не перарастае ў нацыянальна вызвольную волю, бараніць сваю дзяржаву, сваю нацыю. ”  На сённяшні момант бачым некаторыя зрухі, але пакуль не адбылося яшчэ. Патрэбны проста час. Патрэбна цвёрдасць у адстойванні сваіх перакананняў. Тое, пра што казалі мы – прадстаўнікі  беларускіх нацыянальна-патрыятычных сілаў, яшчэ напярэдадні кампаніі. Я бачу, якія праблемы й якія могуць быць выпрабаванні для беларусаў. Што будзе абвал эканомікі; што цяпер адбываецца, што сыходзяць інвестары, на траціну ўпаў беларускі рубель. Будуць змяншацца пенсіі, заробкі. Будзе пэўны час, таму трэба знайсці свой унутраны стрыжань гэтага працэсу. То бок, ня проста там, што прыйшлі нейкія, чорт ведае якія, медыярэсурсы, тэлеграм-каналы. Вядзе тысячы людзей, і дае загады па гадзінах, куды ісці і што рабіць.

Адно пытанне ў нармальнага чалавека ўзнікае; хто такія гэтыя НеХТА? Я з ім не знаёмы, я яго ня бачу, каб гэным людзям давярацца. Трэба давярацца людзям, каторых ведаеце. Каторыя правераныя. Каторыя прайшлі гады – дзесяцігоддзі барацьбы за Беларусь, якія ахвяравалі ўсім дзеля гэтага. І вось па меры таго, я паўтаруся, якой грамадзяне гатовыя слухаць, гатовыя духоўна і далучацца да пастулатаў нацыянальнай эліты, у такой  меры яны ўяўляюць сабой суб’ектнасць. І выхад у гэтым. А ў грамадскім працэсе важна весці дыялог. Важна будаваць палітычны працэс, палітычныя пляцоўкі. Каб ня выйшла, што пасля гэтых забурэнняў, гэтага ўсяго, узнікнуць некалькі прарасейскіх партыяў. Адна партыя „Газпраму”, адна партыя яшчэ каго-небудзь ад расейскіх алігархаў.  А беларусы, як былі на ўзбочыне палітычнага працэсу, – так і застануцца. Гэта будзе самая горшая параза. Павінен вырасці новы ровень палітычнай культуры беларусаў. Павінен быць дыспут, павінны нарэшце сысці з забароны дэсідэнты, беларускія патрыёты, інтэлектуалы. Тыя, хто ўвесь гэты час ахвярна дзейнічалі дзеля свайго народу і заставаліся на ўзбочыне.

Канешне – выйсці на перамоўны працэс, таму што, што б нам не закідвалі правакатары і ворагі нашыя, моў „нельга размаўляць з крывавым рэжымам”, трэба размаўляць, альбо прыйдзецца ваяваць. Але кінуць беларусаў на аўтаматы, гэта якраз задача трэціх, варожых сілаў.  Для іх мэта – раздзерабаніць краіну паміж заходнімі і ўсходнімі алігархамі.   

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Гутарыў Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]