Сяргей Рыжоў абвясціў галадоўку



Актывіст стваранай партыі “Белая Русь” з Віцебску Сяргей Рыжоў абвясціў галадоўку. Ужо некалькі дзён ён знаходзіцца ў следчым ізалятары Віцебску.

Сяргей Рыжоў быў затрыманы ў хуткім часе пасля вяртання з Масквы, дзе ў яго скралі дакументы.

Паводле маці, Тамары Рыжовай, сына хочуць абвінаваціць за артыкул з крытыкай на адрас улады, апублікаваны у інтэрнэце у мінулым годзе:

 – Затрымалі яго ў пятніцу ў тры гадзіны дня. Ён пайшоў да карэспандэнта Жыгулоўскага. Выламалі дзверы, яго так жорстка схапілі, пацягнулі да машыны. Цяпер ён абвясціў галадоўку. 

Тамара Рыжова кажа, што ўжо некалькі разоў, у тым ліку 27-га студзеня, яна спрабавала размаўляць пра сына са следчымі, аднак тыя груба выстаўляюць яе за дзверы.

Таксама каля пад’езду  яе дому дзяжураць міліцыянты. Яны заявілі, што хочуць прадухіліць распаўсюд лістовак, якім жанчына нібыта займаецца. Прыгадаем, што раней Сяргей Рыжоў заявіў, што паспрабуе свае сілы ў час прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя

 Маці палітыка Сяргея Рыжова спрабавала наведаць яго ў Віцебскім следчым ізалятары, дзе ён утрымліваецца па невызначаных дагэтуль прычынах. Пра гэта паведаміў віцебскі лекар Ігар Пастноў.

Паводле яго, з маці Сяргея Рыжова абыходзіліся вельмі груба і на сустрэчу з сынам не далі дазволу:

– Маці сустрэлася са следчым. Следчага завуць Макаранка, гэта жанчына. Яна вяла сябе груба, сказала, што калі ты будзеш сюды хадзіць, замінаць працаваць, то сядзіш разам з сынам. Маці кажа, дайце дазвол на сустрэчу. Следчыя адмовіла, сказала, іншаму дала б, а Рыжову не дам. У чым абвінавачваюць? Кажуць, звяртайцеся з адвакатам. Мы тут праз свае каналы даведаліся, што пакуль абвінавачанне яшчэ не вынесена.

Паводле Ігара Пастнова, па існуючых звестках Сергею Рыжову збіраюцца прад’явіць абвінавачванне ў хуліганстве. Нібыта палітык збіў бамжа ў выцвярэзніку, на што той і напісаў заяву. Але ведаючы Сяргея Рыжова як вельмі спакойнага і культурнага чалавека, кажа Ігар Пастноў, гэта інакш як правакацыяй назваць нельга. Сяргей Рыжоў раней заявіў пра жаданне вылучацца ў кандыдаты на прэзідэнцкія выбары. Мінулая спроба поспеху яму не прынесла – не ўдалося сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота vitebskspring.org