Сярод прыярытэтаў Беларусі — далейшая нармалізацыя дачыненняў з ЕЗ



Беларусі прынцыпова важна ў роўнай ступені развіваць супрацу з Усходам і Захадам, не робячы выбару паміж імі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 ліпеня на нарадзе ў Менску, прысвечанай прыярытэтам знешняй палітыкі Беларусі на сучасным этапе.

„Сёння дзеля ўмацавання аўтарытэту краіны нам неабходна пашыраць кола дзелавых партнёраў і надзейных саюзнікаў. Не сварыцца, не канфліктаваць, а сябраваць з усімі. Прынцыпова важна ў роўнай ступені развіваць супрацу з Усходам і Захадам, не робячы выбару паміж імі. Наладжваць кантакты трэба ўсюды, каб нас ведалі, разумелі і ў выніку прымалі. Толькі тады з упэўненасцю можна разлічваць на ўсталяванне ўзаемавыгадных дачыненняў„, — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Паводле слоў Лукашэнкі, ініцыятыва „Хельсінкі-2” (на адкрыцці сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ 5 ліпеня ў Менску Лукашэнка выступіў з ініцыятывай аб новым Хельсінкскім працэсе. — БелаПАН) адлюстроўвае занепакоенасць негатыўнымі тэндэнцыямі развіцця рэгіянальных працэсаў.

„Гэты крок не трэба ўспрымаць як нейкую гучную міжнародную ініцыятыву дзеля ініцыятывы. Ён у першую чаргу адлюстроўвае нашу ацэнку і занепакоенасць негатыўнымі тэндэнцыямі развіцця рэгіянальных працэсаў”, — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Ён таксама заявіў, што менскі працэс па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне неабходна працягваць. „Апошнім часам з’явілася шмат ахвотных атрымаць палітычныя дывідэнды ад удзелу ў працэсе ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне. На іх думку, менскі фармат састарэў і без яго можна абысціся. Але рэальна нічога новага не прапануецца. Таму менскі працэс павінен заставацца, але працягвацца больш энергічна”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле БелаПАН