Таццяна Гацура-Яворская: Ва Украіне асноўнае поле барацьбы і за Беларусь
Сёння кожны з нас можа быць валанцёрам, кожны можа нешта рабіць, – кажа беларуская праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская. Яна выехала з Беларусі з-за палітычнага пераследу. Ва Украіне працягвае сваю дзейнасць, у тым ліку і праваабарончую.
Як там адносяцца да беларусаў ды як можна пераламаць гэту сітуацыю, расказвае Таццяна Гацура-Яворская:
– Тут мая сям’я ў выгнанні жыве з 14 красавіка 2021 года. Галоўная прычына выезду – бо тут мая сям’я, і пачалася вайна. Я паехала да сваёй сям’і. І другая прычына – тут асноўнае поле барацьбы і за Беларусь таксама. І я імкнуся быць тут таксама карыснай.
РР: “Поле барацьбы і за Беларусь таксама”. Што вы маеце на ўвазе?
Таццяна Гацура-Яворская: Для мяне відавочна, што ўлада ў Беларусі трымаецца толькі на Пуціне. Калі б не падтрымка Пуціна, я ўпэўненая, што мы б ужо даўно дамагліся сыходу Лукашэнкі. І атрымліваецца, што цяпер трэба проста перамагчы Пуціна тут, ва Украіне, і ўжо пасля вырашаць пытанне пра вызваленне Беларусі.
РР: Ці сутыкаліся вы з праблемамі праз тое, што вы – беларуска? Ці ёсць праблема канфлікту беларусаў і ўкраінцаў на фоне вайны?
ТаццянаГацура-Яворская: Такая праблема ёсць.Чула з першых вуснаў розныя гісторыі. Калі бачаць беларускі пашпарт, то заўсёды ўвага большая, чым звычайна. Мне нічога адкрыта не выказвалі на блок-пастах, але пачынаюць больш пільна правяраць машыну, рэчы і так далей.
РР: Як, на Ваш погляд, варта вырашаць гэтую праблему?
Таццяна Гацура-Яворская: Трэба і словамі і дзеяннем перамагаць. Таксама добра было б выходзіць на ўплывовых украінцаў. І дамагацца, каб яны сваё стаўленне да гэтага транслявалі для ўкраінскага грамадства. Гэта было б больш эфектыўна. Проста зараз, я думаю, гэтым няма часу нікому займацца. На перспектыву нам трэба над гэтым працаваць.
Таццяна Гацура-Яворская – беларуская праваабаронца, кіраўніца Грамадскага аб’яднання „Звяно”. Яна маці чатырох дзяцей і арганізатарка культурных ініцыятыў і мерапрыемстваў.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: facebook.com