Томаш Мацейчук: Беларусы павінны быць гатовымі да абароны сваёй краіны



Польскі валанцёр, які дапамагае ўкраінскім добраахвотнікам, што змагаюцца ва ўсходняй Украіне, вярнуўся з Данбаса. Пра актуальную сітуацыю на фронце, пагрозы, а таксама пра беларусаў у шэрагах украінскага войска Томаш распавёў нашаму радыё.

10923602_1524135747851536_7129019908018072025_n

РР: Томаш, толькі што ты вярнуўся з лініі фронту, з Данбаса. Ты быў недалёка ад данецкага аэрапорта. Распавядзі, калі ласка, каму ён цяпер належыць, бо з прэсы даходзіць вельмі супярэчлівая інфармацыя.

Томаш Мацейчук: Шмат журналістаў альбо робяць памылку, альбо хлусяць, кажучы, што данецкі аэрапорт знаходзіцца пад кантролем сепаратыстаў. Гэта няпраўда. Аэрапорт знаходзіца напалову пад кантролем украінскага войска і напалову пад кантролем сілаў сепаратысцкіх. Сепаратысты кантралююць усходнюю частку аэрапорта, украінцы – заходнюю і паўночную. Новы тэрмінал, які быў цалкам знішчаны, здабылі сепаратысты, але гэта яшчэ не азначае, што аэрапорт перайшоў у іх уладанне.

РР: Якая цяпер агульная сітуацыя на фронце, і ці ёсць небяспека далейшага прасоўвання тэрарыстаў?

Томаш Мацейчук: Сітуацыя на фронце складаная, але стабільная. Сепаратысты рыхтуюцца да наступлення і анансуюць, што хочуць дайсці да межаў Данецкай і Луганскай абласцей. Мне здаецца, што калі яны пройдуць, то пойдуць далей: напэўна, захочуць здабыць Харкаўскую вобласць. У Харкаве і ваколіцах жыве нямала расейцаў, якія глядзяць расейскае тэлебачанне і толькі чакаюць, пакуль будзе магчымасць, каб узяцца за зброю. У той самы час украінскае насельніцтва Харкаўшчыны не дазволіць, каб расейцы захапілі ўладу. Там можа дайсці да вострага канфлікту. Але я маю надзею, што гэтага не адбудзецца, што расейскія жаўнеры, добраахвотнікі, наёмнікі не праб’юцца праз украінскую армію.

РР: Скажы, калі ласка, ці сустракаў ты падчас свайго выезду беларусаў, якія змагаюцца на баку Украіны?

Томаш Мацейчук: Беларусы змагаюцца з абодвух бакоў канфлікту. Беларусы ёсць з украінскага боку, але таксама і з боку сепаратыстаў. Тыя беларусы, якіх я сустрэў з украінскага боку, гэта патрыёты. Гэта людзі, якіх хочуць, каб Беларусь змянілася, каб не была калоніяй і закладнікам Пуціна. Гэтыя людзі змагаюцца за свабоду Украіны, маючы надзею, што калісьці ўкраінцы дапамогуць беларусам змагацца за свабоду ў сваёй краіне. Асабіста я маю вялікую сімпатыю да Беларусі і беларусаў і жадаю Вам перамогі над Лукашэнкам і Пуціным.

Трэба прызнаць, што падрыхтоўка тых беларусаў, што там змагаюцца, і ўвогуле тое, як яны сябе паводзяць, дае падставы меркаваць, што гэта людзі, якія маюць маральныя прынцыпы, гэта людзі, якім можна падаць руку, людзі, якім можна давяраць. На такіх людзях можна збудаваць сапраўдную патрыятычную еўрапейскую Беларусь. І вы, беларусы, можаце ганарыцца тымі, хто прыехаў на Данбас абараняць Украіну ад Расеі.

РР: Не так даўно ты напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што Беларусь можа быць наступнай пасля Украіны. Паводле цябе, як мы можам пазбегнуць такой сітуацыі, што нам для гэтага трэба зрабіць?

Томаш Мацейчук: Перадусім беларусы павінны мець на ўвазе, што расейскія войскі ўжо ёсць на тэрыторыі Беларусі – ужо ёсць расейскія вайсковыя базы, і на жаль, з’яўляюцца новыя. Гэта велізарная праблема. Калі Беларусь захоча разарваць сувязі з Крамлём, то расейскія жаўнеры аўтаматычна становяцца войскамі варожай дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. Што можна зрабіць? Перадусім трэба ствараць арганізацыі, трэба рыхтавацца ў вайсковым плане. Пра гэта не трэба гаварыць Лукашэнку, для яго гэта будуць варожыя дзеянні, і ён захоча пасадзіць гэтых людзей у турмы.

Так ці іначай, беларусы мусяць арганізоўвацца, павінны быць гатовы, што ім прыйдзецца абараняць сваю краіну са зброяй у руках. І калі вы не будзеце да гэтага гатовы, калі пачнеце змаганне без зброі, без умення абароны сваёй дзяржавы ад агрэсара, то пальецца кроў, і не факт, што вам удасца затрымаць агрэсію.

На жаль, Беларусь – краіна меншая за Украіну: і беларусаў менш за украінцаў, і расейцам будзе лягчэй, бо яны ўжо маюць вайсковыя базы, а Беларусь знаходзіцца блізка ад Масквы. Беларусь – гэта брама Масквы, і Пуцін не захоча проста адпусціць Беларусь са сваіх абдымкаў. Таму, беларусы, арганізуйцеся, старайцеся ствараць нават таемныя арганізацыі, так як мы калісьці ў Польшчы падчас акупацыі, і чакайце моманту, калі будзеце ў стане рэальна ўзяць уладу ў сваёй краіне і зрабіць такі лад, які вы лічыце патрэбным.

У час свайго апошняга выезду Томаш, прывозячы дапамогу ўкраінскаму войску, шматразова трапляў пад абстрэл з боку сепаратыстаў, у тым ліку пад абстрэл “Градамі”.

Томаш Мацейчук распавядае пра ролік, у якім прарасейскія сепаратысты здзекваюцца над палоннымі ўкраінскімі вайскоўцамі. Ролік быў выдалены з яго Facebook акаўнта з-за жорсткіх сцэн, якія ў ім утрымліваюцца.

Гутарыў Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота facebook.com