Трамп выступіў супраць „паліткарэктнасці” датычна тэрактаў



Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ў змаганні за бяспеку трэба адмовіцца ад прынцыпаў так званай паліткарэктнасці. Пра гэта ён напісаў у сваім Twitter.

„Мы павінны перастаць быць паліткарэктнымі і мусім узяцца за справу забеспячэння бяспекі нашага народу. Калі мы не станем разумнейшымі, то будзе толькі горш”, лічыць Трамп.

Ён таксама раскрытыкаваў мэра Лондана Садзіка Хана за яго рэакцыю пасля тэрарыстычнага акту.

„Прынамсі 7 чалавек загінула і 48 параненых у тэракце, і мэр Лондана кажа, што „няма прычын для хвалявання!” – абурыўся Трамп.

Медыі пішуць, што Хан у сваім звароце сказаў: „Жыхары Лондана ўбачаць рост колькасці паліцэйскіх сёння і бліжэйшымі днямі, але няма прычын для хвалявання. Адно з заданняў паліцыі, таксама як і наша – пераканацца, што мы знаходзімся ў бяспецы”.