Цапкала: Мы не планавалі ніякіх несанкцыянаваных акцый



„Мы не планавалі ніякія несанкцыянаваныя акцыі”, — заявіў Валерый Цапкала 15 ліпеня падчас прэс-канферэнцыі на просьбу пракаментаваць выказванні кіраўніка Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай.

Ярмошына заявіла РІА Новости, што несанкцыянаваныя акцыі, якія прайшлі ў Менску, арганізаваныя і спланаваныя штабамі тых прэтэндэнтаў, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты. „Я адразу ж магу сказаць, што гэтыя акцыі ўсе арганізаваныя і спланаваныя, перш за ўсё, тымі самымі перадвыбарнымі штабамі прэтэндэнтаў на гэты пост”, — сказала яна.

„Усё тое, што адбываецца сёння і адбывалася ў перыяд кампаніі па зборы подпісаў, — гэта з’яўляецца проста актыўнасцю грамадзянскай супольнасці, — заявіў у сваю чаргу Цапкала. — Той факт, што людзі ўставалі ў ланцужкі салідарнасці, пляскалі ўладзе, сігналілі ў машынах, выстройваліся на аўтобусных прыпынках ці ў краму symbal.by, — гэта нікім не былі акцыі спланаваныя. Гэта на самай справе ва ўсім свеце лічыцца нармальнымі, негвалтоўнымі формамі выражэння думкі грамадзян. Гэтыя формы абсалютна дазволеныя Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека. І гэтую дэкларацыю ратыфікавала Рэспубліка Беларусь”.

Цапкала не ведае, як можна лічыць акцыі ў „ланцужку салідарнасці” несанкцыянаванымі мерапрыемствамі. „Там няма лідараў, там няма ніякіх выступаў, там няма мітынгаў, няма заклікаў да нейкіх гвалтоўных дзеянняў, — адзначыў ён. — Калі людзі хочуць выказаць сваю незадаволенасць тым ці іншым рашэннем улады, то і па Канстытуцыі нашай краіны, і па міжнародных законах, удзельнікам якіх з’яўляецца Беларусь, гэта з’яўляецца дазволенай формай выказвання меркаванняў грамадзян”.

Увечары 14 ліпеня ў Менску і іншых гарадах Беларусі прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту супраць рашэння Цэнтрвыбаркама адмовіць у рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты галоўным супернікам Аляксандра Лукашэнкі Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу. Паводле звестак праваабаронцаў, у розных гарадах краіны было затрымана не менш 248 чалавек, адпушчаныя на свабоду 19. У Менску затрыманыя як мінімум 203 чалавекі.

belapan.by

[manual_related_posts]