Цэнтральны апарат МЗС Беларусі скарочаны на трэць



Цэнтральны апарат МЗС па выніках аптымізацыі скарочаны на трэць. Аб гэтым пасля завяршэння рабочай сустрэчы з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам паведаміў журналістам міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

„Скарачэнне ўжо адбылося. Цэнтральны апарат скарочаны прыкладна на трэць. І замежныя ўстановы на 15 працэнтаў”, – сказаў міністр.

Паводле яго слоў, падыходы з кіраўніком дзяржавы адносна аптымізацыі дзейнасці МЗС і сістэмы дыпламатычнай службы ў цэлым былі ўзгоднены яшчэ раней. „Была пастаўлена задача працаваць не колькасцю, а ўменнем. У выніку на сённяшні дзень цэнтральны апарат МЗС значна скарочаны. Але гэта ні ў якім разе не дазваляе гаварыць аб тым, што эфектыўнасць дзейнасці знізілася. Наадварот, мы выбудавалі структуру нашага цэнтральнага апарату такім чынам, што гэта дае магчымасць эфектыўна вырашаць тыя задачы, якія ставіць кіраўнік дзяржавы”, – адзначыў Уладзімір Макей.

Аналагічны падыход прымяняецца адносна загранустаноў. „У бягучым годзе трэба будзе аптымізаваць іх работу. Будуць скарочаны некалькі загранустаноў”, – сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

Ён удакладніў, што будзе ўдзелена большая ўвага рабоце ў тых краінах, узаемадзеянне з якімі дае большую аддачу. „Таму кіраўніку дзяржавы былі даложаны падыходы адносна далейшага ўдасканалення работы нашых замежных устаноў. Гэтыя падыходы адобраны, і даручана ўдзяляць асаблівую ўвагу рабоце ў апорных кропках на ўсіх кантынентах”, – расказаў Уладзімір Макей.

belta.by