Ці аб’яднае праграма «Вольная Беларусь» апазіцыю?



Сваё бачанне Беларусі, пасля змены ўлады прадставіў лідэр КХП БНФ Зянон Пазьняк разам з шэрагам экспертаў у галінах палітыкі, эканомікі і сацыяльнай сферы.

Паводле Валерыя Карбалевіча, праграма «Вольная Беларусь» — адзін з шэрагу поглядаў на Беларусь пасля дыктатуры.

— За 20 гадоў кіравання Лукашэнкі я бачыў вялікую колькасць праграм пераўтварэнняў у Беларусі, напісаных самымі рознымі і палітычнымі і грамадскімі, і незалежнымі структурамі. Ну вось яшчэ адна з’явілася. Добрая праграма: не горшая, а можа нават і лепшая. Проста яна свежая, і гэта яе перавага. Цікавая праграма.

РР: Ці выкліча гэта праграма дыскусію? Ці пачнуць думаць пра выпрацоўку чагосьці супольнага і ці ўвогуле магчыма выпрацаваць нешта супольнае?

 — Цяжка ўявіць, што ўсе дэмакратычныя сілы аб’яднаюцца і выпрацуюць адзіную праграму — гэта нерэальна на мой погляд. Яшчэ больш нерэальна гаварыць пра нейкую супольную праграму паміж апазіцыяй і ўладай.

Сустаршыня «Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі» Віталь Рымашэўскі:

— У тым, што прапанаваў Зянон Пазьняк і група экспертаў у праграме я бачу шмат стратэгічных супольных падыходаў. Можна ў цэлым сказаць, што мы стаім на аднолькавым падмурку, аднолькавым стратэгічным бачанні таго, у якім рэчышчы, у які бок павінна развівацца Беларусь. Вельмі шмат сутнасных, каштоўнасных, адзіных падыходаў паміж «Хрысціянскай дэмакратыяй» і тым, што прапанаваў Зянон Пазьняк. А ў тым, што тычыцца рознасці, дык тут хутчэй рознасць тактычная: тая праграма, якую сёння прапануе Зянон Пазьняк, яна па-першае прадугледжвае рэвалюцыйны варыянт, калі сённяшняя ўлада ўся цалкам сыходзіць у адстаўку і да пераходнага дэмакратычнага ўраду пераходзяць усе паўнамоцтвы, бо толькі  тады гэта магчыма рэалізоўваць з тымі дэталямі, што пазначаны ў праграме на час пераходнага перыяду: стварэнне часовага пераходнага ўраду, адмена дзеючай Канстытуцыі, прызначэнне парламенцкіх выбараў, але варыянт развіцця падзеі, як мы ведаем, могуць быць розныя.

Дырэктар аналітычнага цэнтра «Стратэгія», беларускі эканаміст, Леанід Заіка:

— Ён як Ленін: 14 гадоў Ленін не быў у Расеі, потым вярнуўся і пачаў рабіць рэвалюцыю. Усе гэтыя парадыгмы, гэта парадыгмы пачатку 90-х гадоў. Я толькі скажу пра адно, пра прыватызацыю. Прыватызацыя — гэта будзе падзел уласнасці наменклатуры, а яна толькі гэтага і чакае. Вось прыедзе Зянон Пазьняк і яны ўсе атрымаюць свае даўно спакуслівыя кавалкі прадпрыемстваў. Гэта цікавае для гісторыі пытанне: вось ёсць такі пункт гледзішча. Я не думаю, што людзі з такімі поглядамі будуць доўга знаходзіцца пры ўладзе. У Беларусі 40 мільярдаў даўгоў і толькі ВУП за апошнія два гады краіны згубіла пад 30 мільярдаў. Таму 70 мільярдаў  і тут ніякі адыход на Захад не дапаможа, нічога. Краіне патрэбная філасофія драйву, філасофія развіцца, філасофія апоры на ўласныя сілы, канешне не ў такім карэйскім духу, але ў духу адраджэння краіны, адраджэння яе дынамікі. Беларусі неабходна развіваць эканоміку ведаў, а гэта ўжо зусім іншая эканамічная філасофія.

Праграма Вольная Беларусь, паводле стваральнікаў, гэта план развіцця Беларусі пасля змены ўлады. У 76-старонкавым дакуменце закранаюцца пытанні палітычных, эканамічных і сацыяльных зменаў.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя