Ці адбудзецца сустрэча выбарцаў з Уладзімірам Марозам?



31 кастрычніка павінна адбыцца сустрэча з выбарцамі кандыдата ў дэпутаты Уладзіміра Мароза. Сустрэча анансаваная на 19:00 у Доме культуры вёскі Тэльмы, Берасцейскага раёна.

Сам жа Уладзімір Мароз з’яўляецца актывістам грамадскага руху «Не заводу АКБ»:

– Лічу сябе актывістам супраць акумулятарнага завода. Бачыў працу нашых уладаў, званкі, адказы і пісьмовыя гэтыя адказы, працу нашага МВД. Сутыкнуўся я менавіта з Ленінскім РАУС, удзельнічаў у гэтых смешных судах і вырашыў усё ж такі балатавацца, паспрабаваць стаць кандыдатам і паказаць, што любы чалавек можа балатавацца.

Акрамя сустрэчы з кандыдатам, у анонсе пазначалася і спатканне з лідарамі пратэстаў супраць завода «АйПаўэр» Дзям’янам Лепясевічам і Дзмітрыем Бекалюком. Напярэдадні ўвечары Telegram-канал «Не заводу АКБ» паведаміў аб адмене сустрэчы і яе пераносе. «Аб новай даце паведамім дадаткова», – падсумавана на канале праціўнікаў завода.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота: novychas.by