Ці будуць Байдэн і Пуцін абмяркоўваць “беларускае пытанне”?



Палітолаг Андрэй Фёдараў распавёў пра будучую сустрэчу прэзідэнтаў Расеі і ЗША, а таксама пра беларуска-расейскія стасункі.

                   Фота: svaboda.org

Нагадаем, што сустрэча кіраўнікоў ЗША і Расеі Джо Байдэна і Уладзіміра Пуціна пройдзе 16 чэрвеня ў Жэневе. Ці будуць лідары гэтых краін абмяркоўваць сітуацыю ў Беларусі?

Андрэй Фёдараў: Мяркую, што беларуская тэма падчас сустрэчы ў любым выпадку прагучыць. Байдэн гэтае пытанне закране, бо пра гэта ўжо казаў яго прэс-сакратар.

Але не факт, што Пуцін пагодзіцца вышэйзгаданую тэму абмяркоўваць. Можа сказаць так: маўляў, ва ўнутраныя справы Беларусі не хачу ўмешвацца, няхай самі разбіраюцца.

РР: Ці актуальна “беларускае пытанне” для кіраўнікоў Расеі і ЗША?

Андрэй Фёдараў: На першым месцы яно дакладна не стаіць, хаця Уладзімір Пуцін, безумоўна, будзе абараняць свае геапалітычныя інтарэсы і будзе весці сваю гульню.

РР: На ваш погляд, ці збіраюцца ўлады Беларусі спальваць масты ў стасунках з Захадам?

Андрэй Фёдараў: Пакуль мы бачым рухі ў адзін бок, хаця спальваннем мастоў гэта таксама нельга назваць. Усё-такі нейкія дыпламатычныя кантакты паміж краінамі захоўваюцца і цалкам ніхто не самаізаляваўся.

Але і спробаў да аднаўлення ранейшых адносін пакуль няма. Калі не лічыць тую інфармацыю, што некаторым палітвязням паступаюць прапановы напісаць прашэнні аб памілаванні. Хаця гэта можа быць і сімптомам да паляпшэння стасункаў, і проста спробай разгрузіць калоніі, бо суды ў нас – кожны дзень, і практычна кожны дзень з’яўляюцца новыя палітвязні.

РР: Многія кажуць, што ў такой сітуацыі Беларусь трапляе ў яшчэ большую залежнасць ад Расеі, і зараз пабольшылася пагроза для страты суверэнітэта. Ці так гэта?

Андрэй Фёдараў: Тут трэба ўяўляць, што мы разумеем пад “стратай суверэнітэта”. Калі кажам пра наяўнасць у краіне сцяга, герба, гімна і іншых атрыбутаў дзяржаўнасці, то тады пра страту суверэнітэта гаворка не ідзе.

Калі ж размова ідзе пра магчымасць прыняцця сур’ёзных рашэнняў для сваёй краіны, незалежна ад меркавання і жаданняў краін-суседзяў, то гэта крыху іншае. І ў нашым выпадку, як мне падаецца, для Беларусі ёсць пагроза страты суверэнітэта і даволі вялікая.

РР: Расеі выгодна пагаршэнне стасункаў Беларусі з Захадам?

Андрэй Фёдараў: Безумоўна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Global Look Press/РИА «Новости»