Ці будзе ў Беларусі „гарачая вясна”?



Ці атрымалася ва ўладаў збіць народны пратэст? Пра гэта паразважаем з „Госцем Рацыі”, старшынём Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), палітолагам Ігарам Барысавым.

РР: Чым бліжэй да вясны, тым больш размоваў – у некага спадзяванняў, а ў некага асцярогі, што яна будзе гарачай. Дык якой, як вы адчуваеце, будзе сёлетняя вясна?

Ігар Барысаў: Вясна будзе цяжкай і не толькі ў палітычным плане, але, мяркую, і ў эканамічным. Таму што мы бачым, што ўлада нестабільная. Яна рэпрэсіўная, яна знаходзіцца ў палітычным крызісе. І гэта ўсё накладаецца на эканамічны крызіс. То бок, на маю думку, дзяржава ў наступныя гады не здолее выканаць тую грамадзянскую дамову, якую брала на сябе па сацыяльнай абароне людзей. І па меры крызіса яна будзе пазбаўляцца ад розных датацыйных галінаў, спрабаваць іх прыватызаваць, альбо камерцыялізаваць, альбо проста замарозіць, каб утрымацца.

РР: Вы даеце ёй гады. Некаторыя аналітыкі кажуць, што магчыма ў гэтым годзе ўсё вырашыцца.

Ігар Барысаў: На самой справе не ўсё так проста. Таму што палітычныя крызісы могуць быць зацяжнымі. Асабліва ва ўмовах таталітарных дзяржаваў. Мы бачым, што фактычна не атрымалася ў грамадства, у вуліцы перамагчы праз вулічны пратэст па шэрагу прычын. Але ўжо зараз навідавоку, што ўлада кансалідавалася, яна пазбавілася ад тых людзей, альбо арганізацый, структур, якія былі нестабільныя, альбо якія пагражалі ёй адзінствам. І зараз яна мэтанакіравана, сістэматызавана вычышчае ўсіх нязгодных і далей кансалідуецца. І ўтрымлівае сітуацыю пад кантролем. Таму што ў яе ёсць адзіная перавага – па-першае, у яе манаполія на ўжыванне сілы, у яе прафесійныя кадры, і сітэма дзеянняў. Плюс яшчэ ў яе каналы камунікацыі і інфармацыі. Таму, натуральна, канкураваць з дзяржавай, не маючы такой матэрыяльна-тэхнічнай базы ў апазіцыі, грунтуючыся толькі на эмацыйнай падтрымцы, вельмі складана. Любое іншае супрацьдзеянне на такім жа роўні – гэта фактычна ровень вайны. А ў нас няма такога расколу ўнутры эліты – маецца на ўвазе ў першую чаргу наменклатурная эліта.

РР: Вы сказалі, што ўлада кансалідавалася. Але, відавочна, што гэта дастаткова знешне. Таму што ўсе гэтыя злівы, што трапляюць у інтэрнэт, напрыклад апошні, самы яскравы прыклад, калі запісалі Мікалая Карпянкова наўпрост на паседжанні, яго дзікія выказванні, што трэба страляць, што ў нас лішнія людзі і ад іх трэба пазбаўляцца, што канцлагер стварае. Вось прыклад такога мікраскапічнага распаду гэтай улады.

Ігар Барысаў: Я скажу так, што Карпянкоў фактычна выконвае ролю Гіві ці Матаролы ва ўмоўнай ДНР. То бок, ён узяў на сябе быць такім нядобрым героем і цалкам адпавядае гэтаму прынцыпу. Бо ён робіць тое, за што не ўзяліся іншыя. Але пры змене палітычнай сітуацыі, ён самы першы, ад каго будзе пазбаўляцца ўлада. Тое, што адбываюцца злівы, гэта на дадзены момант, на маю думку, могуць быць не проста сілавыя ведамствы, гэта можа быць канкурэнцыя паміж сілавымі ведамствамі. Гэта мог запісаць не той, хто прысутнічаў, а той, хто слухаў тых, хто прысутнічаў. Таму гэта будзе адбывацца, таму што крызіс палітычны – гэта магчымасці для ўсіх: для апазіцыі, для сілавых структур займець большае месца, выйсці на больш высокі ровень. Крызіс у прынцыпе паказаў, што найбольш стабільныя – гэта супрацоўнікі КДБ, расстаўленыя на сваіх пасадах, ва ўрадзе.

У размове былі абмеркаваны магчымасці вясновых пратэстаў, а таксама шляхі выхаду з сістэмнага крызісу, да якога прывяла Беларусь дзеючая ўлада.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя