Ці быў саміт „Усходняга партнёрства” паспяховым?



„Саміт „Усходняга партнёрства” быў адным з самых паспяховых, таму што ўпершыню за апошнія гады была прынятая без асаблівых спрэчак заключная дэкларацыя. Яна адпавядае нашым чаканням і накіраваная ў будучыню, бо не ўтрымлівае канфрантацыйнай рыторыкі, не накіравана супраць трэціх дзяржаў, якія таксама пільна глядзяць за развіццём ініцыятывы «Усходняе партнёрства». Такую ацэнку саміту даў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

Журналіст «Еўрарадыё» Зміцер Лукашук у сваю чаргу назваў гэты саміт «прахадным».

– Макей кажа, што гэты саміт быў ледзь не самым лепшым за апошнія сем самітаў, восьмы гэты. Але мае ўражанні такія, што гэты саміт, кажучы проста, „прахадны”. Нічога такога прарыўнага ці нечаканага на ім не здарылася. Так, Арменія падпісала паглыбленную дамову аб супрацоўніцтве, але на гэтым усё. Прайшлі нейкія нязначныя перамовы, падрабязнасці пра якія можа быць нам не кажуць, а можа і няма пра што казаць. Таму ўражанне сапраўды такое, што саміт прайшоў – і прайшоў. Чакаем наступнага.

Як заявіў на саміце Уладзімір Макей, базавае пагадненне аб супрацоўніцтве Беларусі з Еўразвязам будзе падпісана «хучэй раней, чым пазней».  Па словах Макея, ён правёў шэраг двухбаковых сустрэч з кіраўнікамі дэлегацый краін Еўрапейскага звяза і краін-партнёраў, а таксама з міністрамі замежных спраў, у ходзе якіх былі абмеркаваны тэмы развіцця двухбаковых адносін, аб падрабязнасцях гэтых перамоў Уладзімір Макей не паведаміў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя