Ці дапаможа візіт Мясніковіча палепшыць адносіны?



„Польшча заўсёды кіруецца прынцыпам пашаны суверэнітэту і тоеснасці Беларусі”, – сказаў міністр замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч на сустрэчы са старшынём Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Беларусі Міхаілам Мясніковічам. Адзначаецца, што сярод галоўных тэм былі двухбаковыя стасункі, пытанні бяспекі ды сітуацыя польскай нацменшасці ў Беларусі.

Сябра галоўнай рады непрызнаванага ў Беларусі Саюза палякаў Анджэй Пачобут:

– Саюз палякаў хоча лічыць, што гэты візіт палепшыць адносіны з боку беларускіх уладаў да польскай меншасці, што беларускія ўлады адмовяцца ад дыскрымінацыі польскіх дзяцей пры прыёме ў польскія школы. Тут рашэнні ўлады Польшчы прымаюць. І яны лічаць, што нешта гэта прыносіць. Беларускія ўлады лічаць, відавочна, што яны могуць размаўляць з Варшавай з пазіцыі сілы. Тое інтэрв’ю, якое даў перад візітам польскаму прэсаваму агенцтву Мясніковіч, калі яго запыталі пра праблемы навучання польскай мове, то ён сказаў, што гэта няважна, што гэта неістотна. Вось гэта галоўная прычына таго, што адбываецца.

Сустаршыня Беларускага дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк:

– Я перакананы ў тым, што дадзены візіт выкліканы той эканамічнай і геапалітычнай сітуацыяй, якая склалася вакол Беларусі, і ўнутры Беларусі, безумоўна. Візіт спадара Мясніковіча ў Польшчу, а таксама сённяшняе прызначэнне новага амбасадара Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча, усё дэманструе, што афіцыйны Менск шукае новых элементаў эканамічнай супрацы. У тым ліку з Польшчай, як з  самай вялікай краінай, непасрэднай суседкай Беларусі. Таксама самая асноўная я перакананы мэта – паглыбленне нешых гандлёвых эканамічных стасункаў. Таму, што гэты візіт, хаця нідзе ніякай інфармацыі няма пра гэта, але ўзровень сустрэчы, а таксама папярэдняя сустрэча, у тым ліку папярэдняя сустрэча ў Менску спікера Сената спадара Карчэўскага, у тым ліку са спадаром Мясніковічам, яны кажуць пра тое, што гэта гандлёва-эканамічная супраца. Калі не паглыбляць, то адбываецца пошук нейкіх супольных інструментаў, праектаў, тэмаў, якія могуць гэтае супрацоўніцтва паглыбіць.

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі:

– Польскім палітыкам я б парэкамендаваў найперш паразмаўляць пра акумулятарны завод, што будуецца ў Берасці. Таму, што ён у воднай зоне Буга. Шкодныя выкіды і магчымыя аварыі пагражаюць Беласточчыне і ўсёй Польшчы. Надзвычай шкодная вытворчасць, якая не кантролюецца належным чынам эколагамі. А польскія ўлады і польскія палітыкі мала на гэта звяртаюць увагі, хаця гэта вельмі важна для грамадзян, у тым ліку і Рэспублікі Польшча, а не толькі Беларусі. Што датычна паветкі дня, то яна вядомая. Гэта мусіць быць і правы чалавека, гэта мусіць быць дыялог наконт рэформаў ва ўсіх галінах, бо без гэтага Беларусь так і застанецца на васальнай тэрыторыі Расеі, не зможа эфектыўна камунікаваць з еўрапейскімі краінамі. Польшча сёння ў Еўрапейскім звязе, а Беларускі ўрад думае, што можна персанальна наладзіць добрыя стасункі з адным ці іншым палітыкам, з Вугоршчынай або Польшчай, і гэтым забяспечыць нейкае прасоўванне сваіх інтарэсаў на Захад. Так гэта не працуе. Нават маючы добрыя стасункі з тымі ці іншымі палітычнымі групоўкамі ў нейкай краіне, альбо лабістаў маючы там, не будзе азначаць, што нешта істотна зменіцца дзеля Беларусі, і ў міжнародных стасунках. Бо дзеля таго, каб гэта змянілася, патрэбныя рэформы, трэба адпавядаць стандартам, як у галіне выкання правоў чалавека, так і ў эканамічнай галіне, у галіне прававога рэгулявання сферы бізнеса – гэтага і блізка няма. Таму сфера перамоў павінна мець шырокі спектр.

Дэпутат Сейма Польшчы Роберт Тышкевіч:

– Я спадзяюся, што размовы будуць прысвечаны таму, як палепшыць нашыя транспамежныя адносіны. Бачна, што яны пагаршаюцца для грамадзян абодвух краін. Я кажу пра ўведзеныя з беларускага боку ліміты на пакупкі для грамадзян Беларусі, а таксама пра скасаванне польскім бокам віз „за пакупкамі”. Калі суседзі засест таго, каб адчыняць дзверы адзін адному, ставяць штораз большыя бар’еры, то плаціць за гэта будуць польскія і беларускія грамадзяне. Варта садзейнічаць перасячэнню мяжы, вяртанню віз „за пакупкамі” з аднаго боку і павышэння лімітаў з другога боку. Размаўляў бы пра малы памежны рух, які застаецца нерэалізаваным шанцам у нашых стасунках, і даў бы магчымасць двум мільёнам людзей перамяшчэння ўвогуле без віз. І гэта даступны інструмент. Лічу, што пры ўсіх палітычных адрозненнях, звыклыя, чалавечыя пытанні, звязаныя з жыццём людзей, павінны з’явіцца. 

Міністр Яцэк Чапутовіч выказаў спадзяванні, што візіт Міхаіла Мясніковіча дасць пачатак новаму погляду на польска-беларускія дачыненні двух суседніх краін. Парламенцкая дэлегацыя Беларусі на чале са старшынём Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам будзе знаходзіцца з візітам у Польшчы да 14 лютага. У праграме візыту таксама перамовы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Мясніковіч таксама пабывае ў Беластоку, дзе сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы, кіраўніцтвам Падляшскага ваяводства, а таксама наведае Беластоцкі медычны ўніверсітэт.

Беларускае Радыё Рацыя