Ці дазволяць беларусам даўжэй знаходзіцца ва Украіне?



Павялічыць тэрмін легальнага знаходжання беларусаў ва Украіне з цяперашніх 90 дзён да аднаго года: адпаведнае хадайніцтва накіравана ў Міністэрства замежных спраў Украіны. Ініцыятарам звароту выступіў нядаўна створаны „Free Belarus Center” ва Украіне, а падтрымалі ідэю мясцовыя праваабарончыя арганізацыі.

Як патлумачыла кіраўніца цэнтра правоў чалавека „ZMINA” Таццяна Пячончык, многія беларусы, якія сёння прыбываюць ва Украіну, разглядаюць яе як часовае прыстанішча і гатовы вярнуцца дадому пасля стабілізацыі сітуацыі:

– Вядома, што шмат хто не гатовы атрымліваць статус бежанца. Зразумела, што шмат хто гатовы вярнуцца ў Беларусь праз нейкі час. Тры месяцы недастатковы тэрмін для таго вяртання, мы лічым, што гэта вельмі важна і заклікаем нашу ўладу: Міністэрства замежных спраў, урад унесці адпаведныя змены. Важна таксама працаваць над тым, каб даносіць неабходнасць гэтых зменаў да тых, хто прымае рашэнне.

За парушэнне міграцыйнага заканадаўства ва Украіне прадугледжаны штраф да 5100 грывень, у эквіваленце гэта каля 200 долараў. Калі штраф не аплаціць, то ўезд ва Украіну будзе забаронены на працягу трох гадоў.

Вольга Гарбачова, Беларускае Радыё Рацыя, Кіеў