Ці патрэбен Беларусі яшчэ адзін хакейны чэмпіянат?



Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі разважае пра перспектывы правядзення ў Менску ў 2021 годзе яшчэ аднога хакейнага першынства.

Нагадаем, днямі было прынята рашэнне правесці чэмпіянат свету па хакеі-2021 у Рызе і ў Менску. У 2014 годзе беларуская сталіца ўжо прымала такое першынство.

Віталь Рымашэўскі: Мне падаецца, што нармальная дзяржава найперш радуецца нейкім дасягненням у эканоміцы альбо сацыяльнай сферы развіцця, а ўжо затым б’е ў фанфары з нагоды нейкага хакейнага чэмпіяната.  Гэтыя фэйкавыя рэчы, звязаныя з хлебам і відовішчамі, заўсёды сведчаць пра тое, што ў дзяржаве ў вышэйназваных сферах справы якраз-такі дрэнныя, і трэба адцягнуць увагу людзей. Таму гэты чэмпіянат, як фігавы лісцік, якім прыкрываюць сваю правальную эканамічную палітыку і бяздарнае кіраванне. 

РР: Ці можа краіна зарабіць на спаборніцтвах? Магчыма, гэта якраз і было б добра для эканомікі…

Віталь Рымашэўскі: Беларускія ўлады паспрабуюць на гэтым атрымаць перш-наперш не эканамічныя, а палітычныя дывідэнды. Але гэта ўсё, думаю, не спрацуе, таму што сёння Беларусь ужо не з’яўляецца для еўрапейцаў ці ЗША апошняй дыктатурай у Еўропе, як гэта было яшчэ некалькі гадоў таму. Зараз не той ўзровень стасункаў, калі правядзенне першынства стала б прарывам у дыпламатычных адносінах з Захадам. Ад беларускіх уладаў сёння чакаюць не хакей, а выканання правоў чалавека, эканамічных рэформ і рэальных зменаў у розных галінах. Правядзенне хакейнага першынства ні на што не паўплывае.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя