Ці патрэбна паміж Расеяй і Беларуссю паўнавартасная мяжа?



Палітык Павел Севярынец распавядае пра тое, чаму, на яго думку, сёння неабходна цывілізаваная мяжа Беларусі з Расеяй.

Павел Севярынец

Пасля паведамлення, што ў грамадзян Беларусі, якія прыбываюць у расейскія аэрапорты, пачалі правяраць пашпарты, у сацыяльных сетках распачалася дыскусія на прадмет: а можа быць наогул неабходна, каб паміж краінамі была нармальная мяжа?

Павел Севярынец: Мне падаецца, што такая мяжа патрэбна абавязкова. Напрыклад, літаральна сёння было паведамленне, што беларускія памежнікі затрымалі расейскую кантрабанду – аналаг іркуцкага “Глога”, якім у Расеі атруцілася шмат людзей. У Беларусь з Расеі ідзе паток наркотыкаў, зброі… Я, да слова, два гады пражыў амаль на самай мяжы з Расеяй (у Малым Сітна) і ведаю, што гэта такое. Мяжа – гэта кантрабанда, бандытызм і шклоачышчальнікі, якія людзі п’юць. І гэта можна зрабіць асбалютна бескантрольна. Расейцы прыходзяць рабаваць у Беларусь, а пасля бесперашкодна ўцякаюць дадому. Гэта такая шэрая зона. Таму цывілізаваная мяжа – адзіная магчымасць абараніцца ад тых жа расейскіх наркотыкаў альбо сурагатаў, якія ідуць з Усходу патокам. Мяркую, не будзе складана наладзіць памежны рух.

РР: Хто больш зацікаўлены ў такой мяжы – Беларусь ці Расея?

Павел Севярынец: Мяркую, беларускі бок зацікаўлены больш. Расея наадварот зацікаўлена, каб тут не было ніякай мяжы, і каб у нашай краіне можна было пашыраць свой уплыў. А Беларусь павінна клапаціцца, каб найперш добра жылі беларусы, а не травіліся расейскай кантрабандай.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя