Ці патрэбны дыялог паміж уладай і апазіцыяй?



Дыялог паміж уладай і апазіцыяй у Беларусі вельмі патрэбны, – лічыць старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ідэю такога дыялога выказаў кіраўнік газеты „Народная Воля” Іосіф Сярэдзіч падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Але, па словах Аляксея Янукевіча, з боку ўлады пакуль не бачна волі і жадання весці такі дыялог з грамадзянскай супольнасццю. Выдатна, што адбылася сустрэча Сярэдзіча і Лукашэнкі. Аднак пакуль гэта не з’яўляецца ні дыялогам, ні нават знакам  гатоўнасці да яго, – лічыць Янукевіч:

– Але я думаю, што перад пагрозамі для незалежнасці, перад пагрозамі для беларускай эканомікі, для выжывання нацыі такі дыялог крытычна неабходны. І мы заўсёды кажам пра ягоную неабходнасць і гатовыя ў ім удзельнічаць на любым роўні.

Мы спадзяемся, што неўзабаве разуменне важнасці гэтага дыялогу з’явіцца і ва ўладаў. І такі дыялог, безумоўна, пад ціскам абставінаў, пачнецца, – кажа Аляксей Янукевіч.

А вось па меркаванні кіраўніка “Маладога Фронту” Змітра Дашкевіча,  гэта марныя, утапічныя спадзяванні:

– Каб з кімсьці сядаць за круглы стол, трэба мець тых людзей, якіх можна запрасіць. Ці ўяўляе сябой беларуская апазіцыя, дэмакратычны рух нейкую сілу, з якой дыктатар павін лічыцца?  Сярэдзіч прыводзіў прыклад Ярузельскага. Але калі той запрашаў кагосьці за круглы стол, там была грамадска-палітычная сіла, было супрацьстаянне. Што ў Беларусі мы назіраем?  Хто ў лес, хто па дровы.

Таму ўладам няма каго запрашаць за гэты круглы стол, – лічыць Зміцер Дашкевіч.  А па-другое, Аляксандр Лукашэнка, які лічыць сябе ледзь не „месіяй” для Беларусі, не зможа адэкватна, на роўных умовах, весці дыялог з апазіцыяй, нават калі б і ўдалося арганізаваць нейкі круглы стол, – мяркуе Дашкевіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя