Ці спыніць Менская сустрэча вайну ва Украіне?



Намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі мяркуе, што перамовы ў Менску могуць даць для Украіны два вынікі – “альбо кепскі, альбо ніякі”.

Юрась Беленькі: Зянон Пазьняк вельмі дакладна сказаў, што зараз Расея разумее толькі сілу. Любыя саступкі прывядуць да наступных агрэсіўных дзеянняў Масквы, і тады ўжо мэтай будзе Кіеў. Гэта адназначна, бо трэба ведаць прыроду сёняшняй расейскай улады. Я думаю, што некаторыя еўрапейскія палітыкі наогул не разумеюць сур’ёзнасць сітуацыі. Еўропе і Амерыцы неабходна максімальна дапамагчы Украіне зброяй і фінансамі ў адбіцці расейскай агрэсіі, якая відавочная. Ёсць анексія тэрыторыі Крыма, ёсць пастаўкі расейскай зброі для расейскіх вайскоўцаў ва Украіну. І агрэсара трэба спыняць! А не весці з ім нейкія незразумелыя і невядомыя перамовы. Якія ў такой сітуацыі могуць быць перамовы? Ультыматум! Першае – вяртайце Крым. Другое – выводзьце ўсе свае падраздзяленні з Усходняй Украіны. Вось тады павінны пачынацца перамовы. І, пакуль гэтага няма, усе мерапрыемствы можна назваць спрыяннем агрэсару. Усё гэта можа скончыцца новай вялікай сусветнай вайной. Амерыканцы гэта разумеюць, бо яны і ў Першую Сусветную, і ў Другую пасылалі сваіх сыноў тушыць пажары, якія запалілі недальнабачныя еўрапейцы, а затым не ведалі што рабіць. Сёння гэта трэба Еўропе разумець, бо патаканне агрэсару – гэта вельмі небяспечны шлях і зараней тупіковы.

РР: Тады чаго можна чакаць Украіне ад чарговых перамоваў у Менску?

Юрась Беленькі: Вынікаў тут можа быць толькі два – кепскі і ніякі. Кепскі – гэта калі Украіну прымусяць пайсці на нейкае пагадненне з агрэсарам і даць Маскве зялёнае святло на далейшую агрэсію. Ці могуць наогул ні да чаго не прыйсці, а таму “статус-кво” захаваецца. У такім выпадку сітуацыя яшчэ можа мець наперадзе станоўчую развязку, калі пасля гэтага пойдзе ва Украіну зброя з ЗША, і ўкраінцы змогуць даць адлуп тэрарыстам. Трэба разумець, што ў Расеі не так і шмат часу, бо праблемы ў эканоміцы пачаліся яшчэ да ўкраінскай вайны… Але гэта вельмі сур’ёзная сітуацыя, каб гуляцца ў перамовы. Гаворка ідзе пра жыццё тысяч, а можа і мільёнаў людзей. Трэба рабіць высновы з гісторыі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]